Забралі мы з Зінай тол і моўчкі папляліся ў лес.
Каб зрабіў гэта іншы партызан, я аддаў бы яго пад суд: бяздумная ліхасць нікому не была патрэбнай, і ў нас існавалі строгія на гэта законы.
9
Восенню 19З9 года пасля ўз'яднання ў Заходняй Беларусі адчувалася няхватка кадраў. I на Міншчыне абвясцілі камсамольскі прызыў. Па гэтаму прызыву прыехала ў Заходнюю Беларусь і Зіна Кварцёнак.
Зіма ў тым годзе стаяла лютая. Зіна прыехала ў тоўстых, падшытых шмат разоў і зноў растаптаных валёнках, у зімовым паліто без таліі, бо вясковы кравец кіраваўся толькі адным прынцыпам: як найбольш усадзіць у яго ваты — так прасіла Зініна маці.
Гарады Заходняй Беларусі мелі бедную прамысловасць, іх засялялі пераважна былыя чыноўнікі, гандляры і ўладальнікі крам. Не па душы была многім з іх Савецкая ўлада, не даспадобы былі і людзі, якія з ёй прыехалі.
— Глядзіце, яшчэ адна ўсходніца-калода! — смяяліся з Зіны ў Гродне модніцы ў фетравых боціках, у расшытых адмысловымі ўзорамі кракаўскіх кажушках.
Саромеючыся сваёй вопраткі, Зіна з кватэры прабіралася завулкамі ў «Загатзерне», дзе працавала лабаранткай-прыёмшчыцай.
Разам з ёю працавалі і заўзятыя прыхільнікі былога рэжыму. Сыходзіліся яны раніцай, садзіліся і пачыналі шаптацца. Той такую плётку прынёс, гэты іншую.
— Яшчэ напрацуемся, дзень вялікі! — абяцалі яны, калі Зіна глядзела на іх з дакорам.
А пасля полудня склаўшы рукі чакалі вечара.
— Хіба мы коні, каб цэлы дзень рабіць? — заяўлялі яны з цынічным спакоем і адводзілі душу на беднай дзяўчыне: — Камсамолка, што ў вас за ўлада! Вось ты стараешся цэлы дзень, а на табе і сукенкі добрай няма!
— Нічога, яе за гэта на сходзе ў прэзідыум пасадзяць!
— Яшчэ ў загадзе адзначаць перад святам і вывесяць на сцяну!
— Як жа можна не працаваць? — дзяўчына аж кіпела ад іхняй нагласці.
— А я, быць можа, сёння якраз хачу спаць! Затое заўтра заду-маю выйсці на работу і зраблю ўсё адразу. А мне гэтага твае парадкі не дазваляюць! Дзе ж тут асабістая свабода, калі я сам сабе не гаспадар? — прыставалі да Зіны пакрыўджаныя былыя ўладальнікі крамаў, майстэрняў, дробныя дзялкі. Прыставалі часамі так, быццам усяму віной — яна.
Дзяўчына не ведала, што і адказваць, толькі глядзела шырока адкрытымі вачамі: вось тыя людзі, пра якіх яна дагэтуль толькі чы-тала. Нездарма ў іх стралялі ў рэвалюцыю! I Зіна мацней сціскала зубы.
Неспадзявана выбухнула вайна.
Фашысты Зіне ў Гродне нічым не пагражалі — яна была ўсяго звычайнай лабаранткай. Яны не забілі нікога і з яе радні. Адным словам, у яе не было прычын для асабістых разрахункаў з ворагам.
Дзяўчына не паспела атрымаць ні інструкцыі ў райкоме, ні парады ад таварышаў, 6о іх раптам пагубляла. Аднак з самага пачатку вайны шлях сабе абрала правільны. Калі чалавек у душы сумленны, мае сваю мэту, ён па наказу сэрца зробіць тое, што трэба. Па закліку сумлення Зіна і пайшла ў партызаны.
10
Пасля блакады мінуў месяц. Я ўжо ад'еўся і паправіўся.
Зіна цэлы тыдзень была з групай у паходзе, а цяпер вярнулася.
— Бо-ожа, якая ў цябе кашуля! — першае, што яна сказала, калі мяне ўбачыла.
— Што ты, яшчэ зусім нармальная!..
— Скідай, скідай хутчэй! На, апрані чыстую. Несла спецыяльна дзвесце кіламетраў, з-пад самага Беластока!
— Пасля вайны будзем у крухмаленых хадзіць...
— Не лянуйся, апранай!
— Жывецца чалавеку як у мамкі за пазухай... Э-эх! — уздыхнуў малады партызан.
— Соль табе ў вочы! — агрызнулася задаволеная дзяўчына.
— Заслужы, будуць насіць і табе!
— Барташэвіч, навучы, браток!
Мы спаткаліся на вачах у людзей. Побач на возе ляжаў паранены і чакаў аперацыі. Хлараформу не было і медсястра дала яму спірту. За возам доктар тачыў нажоўку. Ля яго двое партызанскіх дзетак прабавалі, у каго мацнейшы лоб. Дзве дзеўкі круцілі жорны, малолі на хлеб муку і не спускалі з нас вачэй.
— Хадзем адсюль! — шапнула Зіна, калі я нацягнуў чыстую кашулю.
Агорнутыя ўзбуджаным хваляваннем, мы, хаваючыся за фурманкі і буданы, падаліся ад зямлянак у лес.
Сама адцвітаў ландыш. Паветра п'яніла пахамі разапрэлай на сонцы зеляніны. Шасталі па халявах сухія былінкі, пахрустваў пад падэшвамі мох, усланы сетачкай ігліцы, утыканы шышкамі. Ад балота цягнула прахалодай. Але мы нічога гэтага не бачылі, адно адчувалі, што адышлі яшчэ мала. Нешта дрыжачымі галасамі гаварылі. Абаім хацелася бегчы, і толькі стрымлівала сарамлівасць.
З дрэва капнула Зіне на твар расінка.
— Дождж! — схлусіла яна.
Гэтае прытворства якраз было патрэбна і мне. Я пабег за ёю.
Мы апынуліся ля густога сасонніку. Зіна стала плячамі да дрэўца, нібы схавалася ад дажджу, выдыхнула:
— Стань побач!
Яе кароткія пальцы з мужчынскімі пазногцямі пачалі нервова і бязладна рваць зялёныя іголкі, быццам іголкі гэтыя — мяккія лісточкі мяты. Сама яна аж задыхалася.
— Ваня, ну! — папрасіла з тугой пабялелымі вуснамі.
Але я ўжо паспеў астынуць і нібы прачнуўся. Раптам адчуў, што ў адносінах з Зінай даўно перайшоў граніцу і што трэба з гэтым канчаць, пакуль не позна. Паглядзеў на ўсё цвярозымі вачамі.
Ніякая сіла не магла цяпер прымусіць мяне зноў дакрануцца да Зіны. Вось ужо і забыўся, што на мне яе кашуля. А тую кашулю, што калісьці мне памыла над Віліяй Дануся, дык і цяпер памятаю, нават ведаю, дзе яна дома ляжыць. Калі бываю дома, абавязкова на яе пагляджу...
Я паспрабаваў успомніць, колькі дабра зрабіла мне Зіна, пераламаць сябе, каб не крыўдзіць дзяўчыны, хоць пацалаваць яе: не адсыхалі ж мае вусны раней?!.