Не. Гэта было б падвоенае ашуканства. Трэба з гэтым канчаць раз і назаўсёды. Зіна для мяне была як сястра і маці, ці можна без канца яе ашукваць, абнадзейваць, выкарыстоўваць яе пачуцці?
I яшчэ. Адзін крок — і, мне здаецца, я страчу сваю незалежнасць. Ва мне абудзіўся інстынкт самаабароны.
— Ну, што ты?! — шаптала яна.
— Не трэба, Зіначка! — папрасіў я і далікатна адпіхнуў яе.
— Чаму? — выдыхнула яна горача.
— Я табе даўно збіраюся прызнацца...
— У чым?
— Ведаеш... Некалькі год я закаханы ў аднаго чалавека... Толькі не крыўдуй на мяне,— узмаліўся я, не ведаючы, як мякчэй зрабіць прызнанне, каб не было ёй так балюча.
Здалося, што на момант усё на свеце замерла, такая наступіла цішыня.
Раптам у гэтай цішыні пачуўся зычны трэск, а ў мяне перад вачамі ўсё захісталася — Зіна з усяе моцы пляснула мяне па твары.
Хвіліну я стаяў як ачмурэлы.
Так. Першы раз у жыцці атрымаў я па фізіяноміі. I дзіўна. Не раззлаваўся, не пакрыўдзіўся. А гатоў быў падставіць шчаку яшчэ і сказаць: бі, Зіначка, калі табе ад гэтага лягчэй, на, бі, бі!
Зіна закрыла твар рукамі і захісталася ад роспачы.
— Ох, якая я дурная!.. А я ду-умала!..— застагнала яна цяжка.
— Я ж ні ў чым не вінаваты, усё гэта адбылося міжволі...
Гэтым я яшчэ больш распаліў дзяўчыну.
— Змоўкні, ты... не чалавек!.. Бо-ожа... Я ўся аддавалася яму і не ведала, што ў гэты час ён думае аб другой! Бо-ожа, завошта на мяне такая кара!.. Каб ты... Каб цябе...
Я зазлаваў. А ў чым я вінаваты? Выходзіць, каб прамаўчаў, было б лепш?!.
Каб супакоіцца, адышоў крыху ў лес.
Калі я вярнуўся, Зіна ляжала на траве і плакала, як толькі можа плакаць чалавек у вялікім горы. Яна ўся аж уздрыгвала ад болю і бяссілля:
— I навошта я такая нешчаслівая нарадзілася на свет?..
Я бездапаможна таптаўся на месцы.
— Хто яна? — насцярожана прыпаднялася Зіна.
— Ах, ты не ведаеш!
— Не, скажы!
— Што табе за карысць з гэтага?
— Не, ты скажы!
— Яшчэ невядома, ці засталася яна жывая пасля ўсяго, што здарылася за тры гады...
— Хто?
— Разумееш, яшчэ да вайны я вучыўся ў Вільні і закахаўся там у адну...
— Ну?
— I з той пары не магу нікога пакахаць. Хачу, а не магу. Не дам сабе рады...— паскардзіўся я, як заўсёды шукаючы ў яе спачування і падтрымкі.
Яна мяне не слухала.
— Прыгожая? — у яе голасе пачулася варожая зайздрасць да незнаёмай саперніцы.
— Вядома, не такая брыдота, як я! — Зіна прамовіла гэта з нейкай нянавісцю да сябе.
Толькі цяпер я зразумеў, што вельмі вялікае гора ў дзяўчыны, каб яшчэ спачуваць мне.
У лагер вярталіся мы не разам. Я быў злосны і нездаволены сабой. Наўрад ці ўдасца яшчэ калі мне спаткацца з Данусяй. Дык што, так і бадзяцца да старасці аднаму?
1
У наступную зіму стаялі мы кіламетраў за семдзесят на поўнач ад Гродна, у Друскенікскім лесе. Узрыўчаткай нас ужо забяспечвалі з Вялікай зямлі. Партызанскі аэрадром быў тады далёка, аж у Літве, на возеры.
Яшчэ мінулай восенню ў нас пабывалі прадстаўнікі Штаба партызанскага руху. Яны арганізавалі падпольныя райкомы, абкомы, рэдакцыі газет. З асобных груп стварылі стройную сістэму партызанскіх атрадаў, брыгад, злучэнняў. Цяпер мы сталі грознай арганізаванай сілай.
Я тады быў камандзірам узвода разведчыкаў.
У пачатку лютага паслалі мяне на аэрадром за грузам, што прыслалі нам з Масквы. Са сваімі хлопцамі накіраваўся я на возера.
За лагерам нас дагналі некалькі саней — гэта адпраўляўся на заданне атрад. Хлопцы ехалі па-партызанску, са свістам і гіканнем, трымаючыся за дручкі, за кажухі сяброў, стоячы на адным калене, на полазе...
— Раз-вед-чы-кі-і, даро-огу-у!
Мае хлопцы не разгубіліся і на хаду пачалі ўскакваць у сані.
Я таксама схапіўся за сані і ўпаў некаму на галаву, балюча ўдарыўшыся аб чужы дыск брывом.
З крыкам і жартамі партызаны пацясніліся, і я сяк-так прымасціўся і стаў церці пабітае месца. Тут я толькі ўбачыў, што сяджу разам з Зінай. Заражаная агульнай весялосцю, яна мяне таксама спачатку не заўважыла. Пасля лета мы яшчэ ні разу з ёй не размаўлялі.
— Гэта ты-ы? — міжволі вырвалася ў мяне.
Зіна прамаўчала. Толькі твар яе пасур'ёзнеў.
Ехалі мы на нізкіх драўляных развалках. На іх і ад звычайнай язды кружыцца галава. А цяпер сані проста ляцелі, і ад гэтага ўсе былі як п'яныя і на нас з Зінай не звярталі ўвагі. Я дакрануўся да яе рукі, якая трымалася за дручок. Зіна не адказала. Тады я асцярожна адарваў яе руку, пераплёў яе пальцы сваімі і ціха сказаў на вуха:
На тым скрыжаванні буду злазіць... Зіна, давай памірымся! Няўжо не даруеш? Прабач...
Яна крадком азірнулася, тады паднесла маю руку да грудзей і мякка, далікатна паціснула мае пальцы.
— Дзякуй, Зінка!
— Шчасліва...
Узрадаваны, вылецеў я з саней да сваіх хлопцаў, якія ўжо абтрасаліся ад снегу.
— А намяло-о, браткі ж вы мае-е! — закрычаў адзін партызан. — Пратупай па такіх гурбах сто кіламетраў — ногі адваляцца.
— Дзе ты бачыш гурбы! Гэта ж паркет — першай клясы! — заразіў я хлопцаў добрым настроем.
— Даёш паркет!
2
Дзён праз пяць прыбылі мы на месца. З «дугласа» ўжо выгрузілі запакаванае ў брызент партызанскае дабро. Да прадстаўніка злучэння — вялізнага літоўца Шымкаса — падыходзілі па чарзе камандзіры груп, і ён надзяляў іх брызентавымі цюкамі.
Я таксама прымасціўся ў чаргу і ад няма чаго рабіць пачаў разглядаць дзяўчыну.
Яна стаяла збоку і зграбным носікам выдыхала ў настылае паветра струменьчыкі пары. Ад марозу і балотнай сырасці барты яе новага кажушка, вушанка заінелі, а белыя валёнкі і вопратка былі без ніводнай плямкі, як з іголачкі. Яны нагадвалі тылавы дастатак і спакой. У дзіцячым тварыку прабіваліся пашана і наіўнае захапленне ўвішнымі партызанамі. А хлопцы падхоплівалі брызентавыя цюкі і неслі іх да саней.