Данута - Страница 70


К оглавлению

70

— Братцы, вядро вады замяняе сто грамаў хлеба: даказана партызанскай навукай! — накурыўшыся да ап'янення, жартаваў хто-небудзь з хлопцаў і прыгаршчамі зачэрпваў тлустую балотную ваду.

— Глядзі ты, пасля вайны яшчэ дысертацыю абароніш на гэтую тэму! — гучалі павесялелыя галасы.

Толькі ў мяне аднаго няма настрою.

Яшчэ са школьнай парты я ведаў, колькі ў такой вадзе плавае мікраарганізмаў. Агідна глытаць казявак і слімакоў, але калі стаіш перад галоднай смерцю і няма выбару...

— А вы не смейцеся! Піце, хлопцы, гэтую ваду, яна пажыўная! — заахвочваю я таварышаў і пераконваю сябе, што мяне таксама мучыць смага, і я цаджу праз зубы рудую вадкасць.

Удзень сонца пячэ бязлітасна, пот коціцца градам, і я п'ю зноў — якраз раблю тое, чаго рабіць нельга. Празмернае паценне прывяло да абяднення клетак солямі, парушыла іх здольнасць трымаць вадкасць, разладзіла ўзаемасувязь працэсаў у арганізме. Праз ты-дзень я зрабіўся такі бязвольны і слабы, што не мог сагнаць з носа камара. А пусцяць немцы ракету, дык не здужваў нават прасачыць за яе палётам. Але ў роце адчуваў смагу і піў яшчэ і яшчэ. Даходзіла да таго, што сцісну пальцамі цела на грудзях — на скуры выступаюць кроплі вады, быццам я сціснуў мокрую губку.

— Трэба ж было залазіць да ведзьмы ў дрыгву, каб загінуць тут за нішто ад камароў і голаду! — нібы праз сон чуў я дакорлівыя словы.

— Што мелеш? Ён табе свой хлеб аддаваў, прыкідваўся, што не галодны, а цяпер, бачыш, як дайшоў? — баранілі мяне некаторыя.

— Мо няпраўда? Загінуць, дык у баі! А то запёр сюды ў магілу! Вялікая радасць, што і ён разам тут здохне!..

Але паправіць што-небудзь было позна — усе паслабелі так, што не маглі нават трымаць вінтовак. Калі б у той час надышоў на групу адзін немец, ён, мабыць, пабраў бы нас голымі рукамі.

I ўсё ж я знайшоў у сабе сілы арганізаваць вылазку. Ноччу ўзяў двух сяброў, і папаўзлі мы да немцаў.

Белая палатка. Калі мы ўскочылі ў яе, тры чалавекі на сене не паспелі нават прачнуцца. Патэфон. Стол з газетамі, кацялкамі. Вядро... Мы шукалі ежу. У кутку нейкі мяшок. Намацалі — сухары! Схапілі яго і прэч з палаткі!

Адпаўзлі ў дрыгву, развязалі мяшок, а там — скура на падэшвы! Здаецца, гэта і быў той адзіны выпадак за вайну, калі я заплакаў.

На дзевяты дзень я пачаў траціць прытомнасць, мяне ўсё часцей апаноўвала дрымота. Але і скрозь затуманеныя вочы бачыў, як блішчыць вада, а губы самі цягнуліся да яе.

...Апрытомнеў я на сухім месцы. Нада мной схілілася Зіна і ліла ў рот з бутэлькі малако.

— Ты-ы? — хацеў я спытацца і захлынуўся.

— Ванечка, золатца, не разлівай, пі!

— Дзе хлопцы? — спытаўся я слаба.

— Яшчэ спяць!

— Спяць?

— Давай я цябе падніму. Божа, які ты ў мяне лёгкі стаў!.. А цяпер паглядзі туды!

Я сеў, абапёрся спіной аб сасну і азірнуўся.

I праўда. Мае партызаны, разваліўшыся на паляне, храплі на розныя галасы. Паразвешваная на кустах вопратка сушылася на сонцы. Ад яе, нібы дымок, ляніва ўздымалася пара.

За палянай на балоце мірна пахаджваў бусел, пакідаючы цёмны след на траве. Там, дзе ляжаў я, быў прыемны халадок, дзе-нідзе сарамліва чырванелі першыя ў гэтым годзе бусінкі суніц, гойдалася ўсыпанае расінкамі павуцінне — па ім бегаў павук. А над усім гэтым стаяў такі птушыны шчэбет, што, здавалася, лісце і галіны дрэў аж варушыліся ад птушак. Я ўдыхнуў п'яны пах ляснога паветра і так па-цягнуўся, што аж затрашчалі мае косці, а па целе разлілася асалода.

— Усе жывыя, не бойся! — суцешыла дзяўчына.

— А астатнія групы?

— У кожнай засталося па некалькі чалавек. Нават у зямлянцы немцы атруцілі ўсіх газамі. I з нашай палова не вярнулася. А твае — усе. Малайчына, камандзір! Хлопцы цябе хваляць... Толькі сам паддаўся, ледзь адратавала. А каб я вас не знайшла, то і памёр бы?.. Пі, спецыяльна з хутара свежага прынесла...

— А блакада? — успомнілася раптам мінулае, нібы цяжкі сон.

— Ужо два дні, як немцы адышлі!

8

Апрача ўсяго мы з Зінай мелі адну таямніцу.

Раздабылі з ёю толу і ўзрывальнік. Механіка ўзрывальніка была даволі простая. Ад батарэйкі кішэннага ліхтарыка ішлі два ізаляваныя дроцікі, адзін плюс, другі — мінус. З гэтых дроцікаў трэба было скруціць спіральку і пакласці на рэйку. Колы цягніка націснуць на дроцікі, зробяць замыканне, і міна здэтаніруе.

Пайшлі мы ўдваіх на пуць. Я заклаў міну, уставіў батарэйку, і мы схаваліся ў кусты.

Поезд праехаў, а міна не ўзарвалася.

Па інструкцыі міны ў такім выпадку кранаць нельга: замыканне можа наступіць нечакана. Але мы з Зінай пашкадавалі толу і вырашылі яго забраць.

Мы яшчэ поркаліся ля рэйкі, як здалёк пачуўся гудок цягніка. Я ўспомніў: у гэтую пару праходзіць пасажырскі.

— Давай паспрабуем зноў! — шапнуў я дрыжачым ад хвалявання голасам.

— Толькі хутчэй! — падхапіла Зіна.

Частку дроцікаў колы аддавілі, яны зрабіліся надта кароценькія і не хацелі ляжаць на рэйцы. Я знайшоў кіёк, лёг на насып і пачаў ім падтрымліваць дроцікі. Выцягнутая мая рука хутка самлела.

— Цяпер я! — шапнула Зіна.— Будзем на змену!

Так мы і мяняліся, пакуль пад'язджаў поезд.

Калі цяпер колы зробяць замыканне, ад мяне і Зіны не застанецца і следу. Але нас ахапіў азарт. Мы думалі толькі аб адным: едзе поезд, у ім поўныя пульманы гітлераўцаў — упэўненых, здаволеных, з туга набітымі нарабаваным дабром чамаданамі... Мы гатовы былі яшчэ дапамагчы міне і падштурхнуць вагоны, каб яны лепш ляцелі пад ахон!

Па рэйках пакаціўся грукат, потым паказаліся фары. Яны раслі на вачах, пакуль не пранесліся над намі, і тады мы зноў апынуліся ў цемры. Поезд толькі выбіў з маіх рук кіёк, абдаў мяне ветрам, ашпарыў кроплямі гарачай пары, а пясчынкі балюча секанулі па твары.

70