Аж крыўда бярэ, калі ўспомніш, як гэты баязлівец і нікчэмнік у дзявочых сэрцах слыў героем.
Зіна выпрасіла для мяне ў Юзіка толу. З небяспекай для жыцця ўзрыўчатку мы дабывалі са снарадаў. Адшрубаваўшы ў іх узрывальнікі, выплаўлялі яго на вогнішчы. Пры васьмідзесяці градусах Цэльсія тол тапнеў, пры вышэйшай тэмпературы — выбухаў: зносіў бліжэйшыя сосны і елкі, ад вогнішча не пакідаў і следу!.. Паспрабуй, выплаві яго без тэрмометра!..
I вось у маіх руках — жоўценькія, спрасаваныя як мыла кавалачкі фабрычнага толу, атрыманага за так. Я адразу ж змайстраваў міну і сабраўся яе выкарыстаць.
— Камандзір, вазьмі і мяне на «жалезку»! — папрасіўся Юзік: яму захацелася пахваліцца перад дэсантнікамі, калі тыя вернуцца.
— Давай!
Паязды тады ўзрывалі яшчэ рэдка, немцы былі не напалоханыя і чыгунку ахоўвалі днём слаба.
Быў поўдзень, калі мы ўтраіх дабраліся да чыгункі. Недалёка пралягала шаша. Зіну я пакінуў вартаваць ля шашы, каб немцы не паявіліся з тылу, а Савоську на ўсякі выпадак аставіў на краі лесу прыкрываць мяне, калі з'явіцца хто на пуці. Сам папоўз да палатна.
Мне ў гэты раз не пашанцавала. Паўгадзіны таму назад трое салдат з чыгуначнай аховы пайшлі на хутар піць малако. Трэба ж было ім вяртацца да чыгункі якраз у той момант!
Я ўжо замацаваў пад рэйку торбачку з толам, заклінаваў яе каменнямі, калі за чатырыста крокаў ад мяне на пуць вылезлі гэтыя немцы. Салдаты здагадаліся, чаго я тут, і з калена пальнулі ў мяне з вінтовак.
Усё прапала!
Стала шкада Зінінага толу, і я пачаў хутчэй выдзіраць міну! Надта хацелася азірнуцца, але я падумаў: убачу, як немцы цэляцца, не вытрымаю, кіну тол і пабягу...
— Ціў-у! Ціў-у! — прапелі ля мяне кулі. Было страшна. Грэбаючыся ў зямлі, я сябе пад-бадзёрваў: «Абы выцерпець, абы выцерпець!.. Ну, яшчэ хвілінку, зараз Юзік цябе падтрымае з новень-кага аўтамата!..»
Я паспеў вырваць з-пад рэйкі тол і толькі тады пачуў стрэлы ззаду. Але страляла Зіна. Немцы пабеглі ў кусты, і я быў уратаваны.
— Дзе Савоська? — здзівіўся я, убачыўшы Зіну на яго месцы.
— Застрэлю гэтую сволач! Няхай толькі з'явіцца ў лагеры! — выбухнула дзяўчына.
Потым, калі мы беглі па лесе, расказала:
— Як немцы па табе стрэльнулі, ён і ўцёк. Я — «Юзік! Юзік!» — а ён нават і не азірнуўся! Мусіла пакінуць шашу і бегчы выручаць цябе. Ты ж немцам быў відзён як на далоні, падбілі б што зайца!
7
У палове мая фашысты блакіравалі пушчу. На гэтую аперацыю адцягнулі з фронту тры дывізіі.
Я ўжо гаварыў, што добрай зладжанасці паміж групамі мы тады яшчэ не мелі. Амаль увесь запас патронаў і гранат выкарысталі ў пачатку вясны, калі прабавалі ўзяць праклятыя Крупкі. Супраць загартаваных у баях фашыстаў, супраць іхніх танкаў, бронемашын, гармат і авіяцыі мы са сваімі ржавымі вінтоўкамі і кулямётамі, якія часта давалі асечку, былі бяссільныя.
Штаб склікаў нас, камандзіраў груп, на нараду:
— Што будзем, хлопцы, рабіць?
— Сабярэмся ў кулак, ударым з усяе моцы і — або галава ў кустах, або грудзі ў крыжах! — закрычалі мы.
Але тут узнялі голас старыя, яшчэ з часоў буржуазнай Польшчы, камуністы:
— Толькі збярыцеся — немец даўно чакае! Абкружыць, на крупу пакрышыць, з балотам змяшае!
— Для гэтага ў яго — рацыі, самалёты, матарызаваныя часці!
— «...Або галава ў кустах, або грудзі ў крыжах!» Усім вядома, што паміраць вы ўмееце па-геройску.
Наша задача — застацца жывымі, выйсці з блакады з найменшымі стратамі, захаваць сябе для будучых баёў. Няхай кожная група ратуецца як можа!
I сталі мы «ратавацца хто як можа!»
Адзін камандзір выкапаў вялізную зямлянку ў гушчары, добра яе замаскіраваў, схаваў туды цэлае аддзяленне ў надзеі, што немцы пройдуць і зямлянкі не заўважаць.
Другія ноччу паспрабавалі прасачыцца на стыку нямецкіх бата-льёнаў і ўцячы ў суседнія лясы. З такой групай пайшла і Зіна. А я з хлопцамі залез у балота і крытычны момант вырашыў перачакаць там.
Ежы ў нас было мала. Камплекцыя майго цела патрабавала больш калорый, чым іх трэба было сябрам, а пасада камандзіра прымушала часта адмаўляцца і ад сваёй порцыі. У цяжкія дні блакады мяне, аслабленага, больш за іншых мучыў голад.
Бывала, збяруцца ноччу партызаны ў круг, і пачынаецца:
— Эх, закурыць бы!
— А-га! Глытнуць бы папяроснага дымку, а там хай сабе хоць цэлы полк танкаў!
— За дробку табакі не шкада і жыцця!
I раптам хто-небудзь са старэйшых, які пабываў днём у разведцы, дастае капшук і, не спяшаючыся, пачынае яго развязваць.
— Ах!— толькі вырвецца з прагных вуснаў прыемнае здзіўленне.
— Цур, адну зацяжку!
— Цур, я другі!
— Трэці!
А гаспадар капшука пры месячным святле асцярожна, быццам крупінкі смярдзючай махоркі з чыстага золата, робіць самакрутку. I пойдзе цыгарка па кругу — па адной зацяжцы на брата. Настрой у таварышаў адразу ўзнімаецца, аднекуль з'яўляюцца і сілы.
Не прымаю ўдзелу ў курэнні толькі я.
— Жалезны ты чалавек, Ваня,— хваляць мяне хлопцы і зацягваюцца дымам.— Мы хоць курым, нам лягчэй. А ты не курыш і не ясі...
— Нічога. Хутка немцам абрыдне бадзяцца па лесе, здымуць блакаду. Як-небудзь вытрымаю...— суцяшаю больш сябе, чым таварышаў.
Ніхто, вядома, не ведаў, што было ў той момант у мяне на душы. Кружылася галава ад голаду. Па целе прабягалі вядомыя яшчэ з віленскага жыцця дрыготкі, разлівалася слабасць, засцілала вочы імглой. Прыходзіла абыякавасць. Расслаблялася воля. Першы раз у жыцці я шкадаваў, што не навучыўся курыць.