«Не тое... Не тое!» — кожны раз гаварыў я сам сабе.
Не мог загадаць свайму сэрцу, каб яно пакахала і Зіну Кварцё-нак. Гэты чалавек шмат нацярпеўся і наплакаўся з-за мяне і генеральскай дачкі.
Пазнаёміліся мы з ёю выпадкова.
Аднаго разу з лесу я назіраў за гарнізонам у Крупках. Ужо зусім развіднела. Я пабаяўся, што мяне заўважаць, апусціў бінокль і накіраваў свайго каня ў гушчар.
Выбіраючыся з кустоў на бальшак, я раптам убачыў на дарозе ашалелага чорнага жарабца, які імчаў у бок Крупак. У санях цудам трымалася дзяўчына з перакошаным ад жаху тварам.
— Каця-а!— чуўся бездапаможны крык, якім жанчыны выказ-ваюць бяссільную скаргу, каб выклікаць спачуванне.
I чорны каніска з дзікім храпам пранёсся міма як дэман, толькі абкідаў мяне грудкамі снегу з-пад капытоў.
Жарабец мог з маху ўдарыць сані аб сасну, і тады дзяўчыне канец. Або мог завезці яе ў Крупкі немцам у лапы...
Я прышпорыў свайго каня і памчаў за зверам. Супакоіць жарабца і вызваліць з лейцаў незнаёмую ўдалося аж на полі, на віду ў гарнізона.
— Бзіх! Бзіх! — зазвінелі над намі кулі.
Аднак хутка мы былі ўжо ў лесе. Выплакаўшыся ад перапуду пасля шчаслівага ўратавання, дзяўчына паведаміла пра свае прыгоды.
Мінулай ноччу яны, дзве сяброўкі — Зіна і Каця — ішлі з групай на заданне. Неспадзявана наткнуліся на засаду. Партызаны разбег-ліся хто куды. Дзяўчаты апынуліся ў полі. Стаяла ноч, а раніцай па следу немцы маглі іх знайсці. Трэба было спяшацца ў лес. I партызанская зухаватасць падказала ім спосаб.
— Да світання туды не дабяжым,— разважыла Зіна.— Хадзем у бліжэйшую вёску і возьмем каня!
Нічога не падазраючы, зайшлі яны ў самыя Крупкі. Вёска была вялікая, гарнізон стаяў з аднаго канца, а дзяўчаты трапілі ў другі.
Калі яны забраліся ў нечую стайню, з хаты выйшаў гаспадар. Партызанкам зноў пашанцавала, бо селянін не пабег у гарнізон з даносам. Але яму было шкада каня. Дзядзька пайшоў на хітрыкі:
— Дарэмна, дзяўчаткі, яго бераце! Ён у мяне, халера, такі, што абы-каго і не павязе!
— Як гэта не павязе?
— А так — не павязе і годзе! Стане на дарозе і ні з месца, хоць ты яму ў лоб страляй!
— I што тады робіце? — спыталася наіўна Каця.
— Гм, што!.. Летам увязваю ў хвост камень... Але ж цяпер зіма, дзе вы знойдзеце тых каменняў? Пакіньце яго, дзеці, а то і самі загінеце, і каня мне змарнуеце. Мне яго не шкада, не думайце, я вам па-праўдзе... Ці мала ў вёсцы коней?..
— Не загаварвай нам зубы! — абарвала дзядзьку Зіна.
— Нічога, не прападзем. I камень знойдзем, не бойся! — запэўніла яго Каця.
— Но-о! — ударыўшы лейчыной па баку, пагналі яны каня.
Адкормлены і застаялы ў хляве жарабец куляй вынес дзяўчат з Крупак.
Партызанкі праехалі кіламетры са тры, і, сапраўды, ужо ў лесе жарабец занаравіўся. Але дзяўчатам вельмі хацелася пахваліцца ў лагеры канём. Замест таго каб кінуць яго і дабірацца да зямлянак пешшу, Зіна пачала сцябаць яго лейчыной, а Каця — лупіць кіем. Конь ні з месца. Тады Зіна зрабіла з новых раменных лейцаў пятлю, надзела сабе на нагу, узялася за лейцы рукамі і пацягнула іх з усяе моцы. Зноў конь ні з месца!
— Раіў дзядзька ўзяць лепшага каня! — упікнула сяброўку Каця.— А цяпер во гуляй з ім тут!
— Маўчы! — адмахнулася Зіна.— Шукай лепш камень!
Каця прыкладам разгрэбла снег, выкапала каменьчык і ўвязала яго каню ў хвост. Жарабец махнуў ім, пачуў нешта чужое ў хвасце і як ашалелы паляцеў у Крупкі. Бедная дзяўчына не магла выскачыць з саней, бо пятля з лейцаў заблытала ногі. Выблытваючы Зіну, я мусіў перарэзаць лейцы.
Каб не рабіць з дзяўчыны пасмешышча, я пра выпадак з жарабцом нікому не сказаў.
З саней выпала вінтоўка, трапіла пад полаз, і прыклад трэснуў. Я збіў яго Зіне бляшкамі. З той пары мы і сталі сябрамі.
2
Бліжэй з Зінай пазнаёміліся мы на заданні.
У пачатку красавіка 1942 года нам было загадана выбіць немцаў і паліцаяў з Крупак. Гарнізон гэты нам даўно ўеўся ў пячонку — немцы з яго рабілі засады, абстрэльвалі з гарматкі партызанскія сцежкі, ставілі міны.
На заданне накіраваліся групамі. Мой узвод выйшаў на суткі раней, нам трэба было абысці вёску.
У лесе яшчэ ляжаў пласт набрынялага вадой снегу, і вялікія кроплі з дрэваў папрабівалі яго да моху. Палі ўжо чарнелі. Стылі лужыны мутнай сцюдзёнай вады, адусюль цягнула такой сырасцю, што здавалася, нават твае косці прамоклі.
На зямлю апусціўся не то туман, не то хмара. Было такое ўражанне, быццам на небе зіма з вясной счапіліся загрудкі ў смяротным змаганні і часова пакінулі зямлю самой сабе, адчаго надвор'е не ведала, што рабіць, і чакала выніку гэтай барацьбы.
— Хоць бы вецер, а то — як у мяшку! — уздыхалі старэйшыя партызаны.
— Нічога, хутка вясна сваё возьме,— абяцалі іншыя.
— Дажыць бы...
А пакуль што даводзілася цярпець.
Лямкі з рэчавых мяшкоў паўпіваліся ў размоклыя кажухі і мулялі плечы. Боты раскіслі, зняць іх было цэлае мучэнне, прапускалі ваду, яна струменілася скрозь пальцы ўверх і ўніз — у такт кроку. А ночы насталі цёмныя, так і глядзі, каб не напароцца на яловы сучок, не праваліцца па пахі ў ваду, а галаву ўвесь час трымай утуленай у плечы, каб не пасыпаліся за каўнер ледзяныя кроплі з дрэў.
Натруджанае цела пякло і ныла, а час цягнуўся нібы вечнасць.
Зіна таксама валакла цяжар, і яе боты хлюпалі рытмічна, але трымалася яна не горш за хлопцаў.
Да Зіны ўсё падлабуньваўся прыгажун нашага атрада кучаравы Колька, якога мы празвалі за ліхую язду на кані Казаком. А яна, ускінуўшы на плячо вінтоўку прыкладам угору і падсадзіўшы руку пад лямкі мяшка, каб не так муляла, залётна страляла ў мяне вачамі, не заўважаючы Казака. Я нават западозрыў, што і ў групу Зіна напрасілася з-за мяне.