— Колькі пану год?
— Сорак сем. З іх чатырнаццаць пражыў у Казахстане сярод азіятаў. Цяпер буду даганяць. Будзьце ўпэўнены, пані, яшчэ ў Польшчы зраблю кар'еру. У Англіі ў гэтым веку мужчына адно пачынае рабіць кар'еру... Глядзі, пані, пабелены касцёл! — Браніслаў прыпаў да шыбы, але канфедэраткі не зняў, хоць, я ведаў, абавязкова зняў бы пятнаццаць гадоў таму назад.
— Але ж вы яе муж!— упарта думаючы аб сваім, дзівілася жанчына.
— Які я му-уж? Шлюбу ў касцёле не браў! У мяне сумленне чыстае, я спакойны.
Браніслаў закурыў. Грацыёзна трымаючы папяросу пальчыкамі, якія вылазілі з дзіравых замшавых пальчатак, ён казаў далей:
— Інакш я не мог. Павінен быў ажаніцца. Я афіцэр, на мяне глядзелі жанчыны...
Яго чулі пасажыры. Мясцовы народ разумее польскую мову. Звычайна пасажыры дружна нападаюць на курцоў у аўтобусе, але Браніславу не казалі нічога. Цярпелі, як церпяць п'янага, вар'ята або вартага жалю чалавека.
Раптам шасцідзесяцімясцовы прыгажун «ЗІЛ» пшыхнуў паветра-нымі тармазамі і пасажыраў кінула ўперад. Адчыніліся дзверы.
— А шафё-орчыку, ах сыно-очачку, вазьмі! Мне толькі паўтара кіламетра! Вазьмі, шафёрчыку! — чуваць было, як просіць бабка ля кабіны вадзіцеля.
У аўтобусе зарагаталі. Засмяяўся і «князь». Мне было не да смеху.
Няўжо з-за мяне загінула Дануся? Бо-ожа, што я натварыў! Патрэбна было чапаць гэтага Станеўскага, нікуды ён не дзеўся б ад расплаты!..
А мо Любецкі няпраўду кажа? Напомніць аб сабе?
Ад апошняга спаткання нас раздзяляе цэлая эпоха. Зараз мы нібы памяняліся р'олямі... Кім быў бы ён у часы акупацыі? Відным кіраўніком, ідэолагам руху за незалежнасць Польшчы? Рэдка ж трапляліся князі, як Яраслаў Дамброўскі...
Не! Стаць такім Браніславу перашкаджалі б упэўненасць у сваю выключнасць і клопаты аб сабе. Для кіраўніка Браніслаў не меў характару... Прадажнікам? Прадажнікаў немцы куплялі, як Станеў-скага, а чым маглі купіць яго? Ен меў цэлы маёнтак, перад ім і так танцавалі людзі. У часы акупацыі блытаўся б дзесьці пасяродку. Піў бы, распуснічаў, праклінаў бы вайну, што не дае пажыць у яго разуменні. Такімі ганьбавалі і немцы, і мы...
Зіна Кварцёнак, Пеця Трухан, Альбінас, трэнер Левандоўскі... Столькі сапраўдных людзей загінула за тыя гады, а гэты захаваўся, і навошта? Адно марочыць людзям галаву!..
Во, яшчэ загінула Данута!..
Злосная іронія лёсу!..
— А пан мае спецыяльнасць? — распытвала яго суседка.
— Вядома, пані! Я — інжынер з загранічным дыпломам. Да вайны ў нас панаваў парадак: хто скончыць вышэйшую школу за мяжой, мусіў яшчэ здаваць экзамен і абараняць дыплом у Польшчы. Для гэтага я паступіў у Віленскі універсітэт. На жаль, абараніць дыплом не паспеў, пачалася вайна. Бальшавікі вывезлі ў Казахстан. Там мой начальнік смяяўся: «Ну, які з цябе інжынер, калі ты нават электрычнага чайніка ці пробкі, калі перагарыць, не паправіш!..» А наогул, пані Гэлена, у Расіі працаваць навучаць! Цяпер ніякая цяжкая работа мне не страшная.
Сяляне пераглянуліся.
— Вы ля Вільні ў сваіх маёнтках былі?
— Няма чаго туды ездзіць, у вас усюды адно і тое ж. Але ж, пані, у мяне яшчэ ёсць тры маёнткі пад Лоддзю. Вялікія. Пані пыталася, што буду там рабіць? О-о, ручаюся галавой, як прыбуду да сваіх хло-паў і папрашу ў аднаго курыцу, то кожны прынясе па адной, і ў мяне адразу стане тры тысячы курэй!
Паляк з апельсінавым чамаданам шматзначна падміргнуў мне, быццам сказаў: «Хутчэй едзь, цябе там толькі і чакаюць, як жа!..»
— А дзе будзе пан жыць?
— Не прападу. Пад Лоддзю ў нашым доме толькі для гасцей з дзесяць пакояў... Адно Марысю трэба недзе ўладкаваць... Тады звярнуся да Гамулкі...
— Напішаце?
— Яму пішуць многія. Я паеду асабіста. Бо я — капітан і з вядомай польскай сям'і. Мне належыць добрая пенсія. Гамулка правільна робіць, што збірае палякаў да купы... Абы толькі дастаць у Гродні пропуск для Марысі. Але пані паможа, праўда? О, касцёл! — тыцнуў ён зноў нос у шыбу, але канфедэраткі не зняў і на гэты раз.
Любецкі гаварыў на ўвесь аўтобус, быццам у ім больш нікога не было. У аўтобусе запанавала нацягнутая атмасфера. У машыне ехалі амаль усе сяляне, якіх калісьці розныя Любецкія прымушалі нізка кла-няцца і цярпець. Але наш селянін чалавек асцярожны і нетаропкі. Ён табе абыдзе не пагарачыцца і дарма на ражон не палезе. Яны разумелі, што няма патрэбы пярэчыць і спрачацца з гэтай гнідай, таму маўчалі. Аднак балбатня яго хутка і ім надакучыла.
Мой сусед — вясковы дзядзька ў кажуху,— быццам нічога не чуў і быццам у аўтобусе і не было ніякага Любецкага, пачаў голасна расказваць гісторыю, як некалі ехаў чыгункай і разам з ім ехала нейкая цётка ў Пячэеўскую лаўру.
— «Грэх табе, цётка,— кажу я,— ехаць у лаўру поездам. Туды адно пешшу дабіраюцца, інакш бог намаганняў не залічвае... I што вы думаеце? Прачы-наюся ноччу — дзіва! Цётка з клункам за плячамі хо-дзіць узад-уперад па вагоне. «Зубы баляць»? — пы-таюся. «Не-е, у лаўру іду...»
У аўтобусе дружна зарагаталі. Дзядзька пачаў плясці іншае, а людзі панастаўлялі вушы зноў. Пра Любецкага ўжо забыліся. Не забыўся адзін я. Зрэшты, не ён займаў маю галаву.
У мяне расла і расла трывога. Ажылі здарэнні трынаццаціга-довай даўнасці. Я пачаў даводзіць сумленню, што не вінаваты, але нехта суровы мяне ўпікаў:
«Усё гэта так, а вось яе ўжо няма. I ніколі не будзе! А ты аддаў яе фашыстам і сабе жывеш, раз'язджаеш з нікчэмнасцю, смяешся...»
1
Вось што адбылося са мной потым, калі я пайшоў у партызаны.
Пасля Дануты я доўга не мог зблізіцца ні з адной дзяўчынай.