Генеральша, мабыць, прыехала забіраць дачку за граніцу...
Усе прасілі Браніслава пра нешта расказаць. Ён крыху паламаўся і пачаў:
— У нашай сямейнай хроніцы запісана, што ў 1768 годзе, калі да майго прапрадзеда ў замак пад Лодзь прыехаў на вялікдзень князь Сапега са світай, на балі было з'едзена сорак валоў, дзвесце пяць-дзесят цялят, сорак бараноў, дзвесце свіней, васемнаццаць тысяч ку-рэй, дваццаць тысяч рыб, пятнаццаць корцаў ракаў. А венгрына вы-пілі столькі бочак, колькі дзён у годзе, а кварт мёду — колькі гадзін у годзе...
— О Езус Марыя, куды гэта дзявалася ў іх!
— Нашыя продкі мелі па тры страўнікі!
— Абжорамі былі!
— Хіба што!
«Нягоднікі.
Рамантыку бачыце ў колькасці прыслугі, у этыкетах, цырымо-ніях, балях... Дзеля яе можаце кідаць тысячы на карты, гонар... Забы-ваеце, што за гэтымі злотымі, корцамі, баранамі — людзі, якія хварэлі, іх здабываючы, паміралі нават...
Ведаем такіх рамантыкаў!»
Бестурботная весялосць панства пачала мяне раздражняць. Захацелася выкінуць які-небудзь фокус. Я нават падняў кій, каб запусціць ім у жалезную бочку ад генералавага душа, але перадумаў — кій можа адскочыць ад бочкі і трапіць каму ў галаву, яшчэ давядзецца справу мець з паліцыяй!
Ля ганка рос ясень. З'явілася жаданне залезці на дрэва. І я палез.
Магчыма, гэта было звычайнае блазенства, і калі я цяпер успамінаю, мне робіцца сорамна. А мо я зрабіў гэта, каб толькі звярнуць на сябе ўвагу Данусі?..
Я залез аж да тонкіх галінак і стаіўся. У альтанцы гаманілі і на мяне, дзівака, не звярталі ніякай увагі. Тады, гойдаючыся ў такт песні, пачаў я спяваць першае, што ўзбрыло ў галаву:
Стуку, груку, дзверцы,
Едуць кавалерцы!
А сучачка — цях-цях-цях!
А сардэчка — тах-тах-тах!
Ніякага эфекту. Я прадоўжыў:
Гуляй, дзеўка,
Красуйся!
Рана замуж —
Не сунься!
Бо замужам
Трэба знаць,—
Позна легчы,
Рана ўстаць!
А свякрусе —
Дагадзіць,
Як па брытвачцы
Хадзіць!
Спыніўся і паслухаў. Нарэшце ў альтанцы мяне пачулі і змоўклі.
— Глядзіце, глядзіце туды, на прасвет! Вунь, на светлым фоне, на кроне дрэва — чалавек сядзіць! — пасля маўчання закрычаў незнаёмы голас.
У альтанцы зашморгалі хмелем, відаць, яго раздзіралі, каб лепш бачыць.
— О, і я бачу!
— А-га!..
— Дзе, дзе?
Некалькі хвілін у садку панавала цішыня. А калі здзіўленне прайшло, панства раптам пачало смяяцца. Смяяліся доўга, абразліва, як з дурня.
Нарэшце смех перакрыў Данусін голас:
— Нічога тут няма смешнага! От залезце вы, рыцары, аж туды!
У альтанцы загрукатала.
— О-ей, куды вы? Не разыходзьцеся, прашу! Пане Браніславе, не ідзіце, прашу!
— А каторая гадзіна?
— Ужо позні час!
— У-у, як засядзеліся!
— I мне пара!
— Прабачце!
— Дзякуем за прыемную кампанію!
— Пара і нам!..
Адчуваючы злараднае здавальненне, што сапсаваў панству вечар, зноў пачаў я гойдацца і спяваць:
Сме-ла, та-ава-ры-шы, ў но-огу!..
Спяваў датуль, пакуль не зразумеў, што ў садзе — ні душы. I мне зрабілася так сорамна раптам, як бывае толькі ў сне, калі прысніцца, што ідзеш па вуліцы без нагавіц і на цябе ўзіраецца народ.
Я хутчэй злез на зямлю.
Ад'язджаючы з Вільні яшчэ ў тую ж ноч, я адчуў, як нешта назаўсёды тут пакідаю. Тады я яшчэ не ведаў, што ў гэты дзень скончылася маё юнацтва.
1
Прыехаў я дахаты, а праз два месяцы пачаліся падзеі.
Першага верасня 19З9 года выбухнула вайна Германіі з Польшчай. Семнаццатага — у Заходнюю Беларусь увайшла Чырвоная Армія. I тут завярцелася. Парушылася вартасць грошай, паламаліся звычкі, погляды, паняцці; за адзін дзень іншы чалавек цяпер назіраў столькі, што дагэтуль не бачыў і за ўсё жыццё!
Доўга яшчэ я адчуваў сябе як пасажыр, які едзе поездам з хуткасцю сто кіламетраў у гадзіну: мільгалі вобразы, але не было магчымасці да іх прыгледзецца. Адчыніліся школы сярэднія і вышэйшыя, бясплатныя. Пачалося нябачанае будаўніцтва...
Вучыўся я ўжо ў другім горадзе. Але па-ранейшаму цягнула мяне да Данусі, хаця гордасць і не дазваляла паказацца ёй на вочы. Хацелася паглядзець на яе крадком — якая яна цяпер? Мо перажывае нястачу?..
У час летніх канікулаў 1940 года адправіўся я ў Вільню. Горад быў падобны на разварушаны мурашнік. Усё было там яшчэ не ўладжана, людзі ўзбуджаныя і жылі нібы на вакзале.
У генералавым доме незнаёмыя кватаранты сказалі, што цётка Антося перабралася ў сваю хату. Я падаўся да яе.
— Як паехала генеральша з дачкой да вайны, так і не вярнулася! Можа дзе загінулі там: Гітлер, кажуць, лютуе цяпер надта на свеце! — паведаміла мне яна і параіла схадзіць да Левандоўскага, які нядаўна вярнуўся з эміграцыі: — Левандоўскі павінен ведаць нешта пра іх! Я і сама збіраюся да яго, толькі агарод прапалю...
— А Левандоўскі вярнуўся?
— Залкінды мне гаварылі. Стары Залкінд хадзіў да яго распытваць. Усё яму тут не падабаецца. То ў сталовых чай падаюць без сподкаў, то за магазін прыдзіраюцца... Дастаў ужо нават загранічны пачпарт для сям'і. Але пагаварыў з Левандоўскім і абсеў. Той быццам сказаў, што і там не соладка. Учора спаткала яго ў кнігарні: рускія падручнікі шукаў для сваёй Бэты...
Калі год таму назад часці польскай арміі ўпарта супраціўляліся нямецкай навале, вышэйшыя чыноўнікі ўцяклі ў Румынію. Я падумаў, што туды мог уцячы і генерал. У такім выпадку ён за граніцай знайшоў сваю сям'ю, чаго тады Дануце вяртацца ў СССР. А я, дурань, яшчэ дапамагаць ёй ехаў...