— Партыя ў мяне тут, у сэрцы!
— Рэзанёрства там у цябе адно! Калі прыпіраеш цябе фактам, ты адразу выкідваеш чырвоны сцяг і хаваешся за яго! Знамёны нам даюцца для таго, каб іх абараняць, а не прыкрывацца імі!
У іхнюю спрэчку ўмяшаўся Яцкевіч:
— А навошта лес сячы?!.
Але я далей не слухаў, панёсся з вёдрамі. Бегучы да калодзежа, я падумаў, што хлопцы прыйшлі не так сабе. Іх жа паліцыя вывозіла з-за Шуса за горад. Вярнуліся ў Вільню, адаспаліся і нешта задумалі зноў. I ўсе яны былі, выяўляецца, некалі ў партыі!..
Калі я вярнуўся, хлопцы сядзелі на ганку і перагаварваліся ўжо з Данусяй.
— Пане Барташэвіч, запрашаю ўсіх да нас! — закрычала яна.— Пазнаёмлю з мамусяй, з панам Браніславам!
— Мы паненцы нічога не маглі адказаць, бо самі ў гасцях,— растлумачыў Суткус.— Чакалі гаспадара. Цяпер ты і вырашай!
Разгублены, я стаў па чарзе падносіць ім кубак. Дануся ўсё чакала.
Суткус над ёй зжаліўся:
— Зараз. Толькі нап'ёмся!
— Пойдзем пагутарым! — падтрымаў Яцкевіч, выціраючыся.
Шыманскі піў проста з вядра.
Нарэшце ён адарваўся ад вады, перавёў, нібы паравоз, дых, прыляпіў сабе на макаўку аксамітную кепку і аб'явіў:
— Цяпер можам і пайсці!
Я занёс вядро і кінуўся даганяць сяброў. Вольга накіравалася ў горад.
— Куды ты? — спытаўся я.
— Галантнічаць перад класавым ворагам не стану! — кінула яна мне раззлаваная.— Хопіць, вечар цэлы правазілася з той паненкай!..
2
Дануся падводзіла нас па чарзе да мачахі пад квяцістым пара-сонам і знаёміла. Не кранаючыся з месца, дама кожнаму падала руку, затым зноў паглыбілася ў кніжку. Настаў чарод вітацца з князем.
— Але і хлопы! — кінуў ён.
— I ўсё беларусы! — з гордасцю пахвалілася Дануся.
— О, выдатна! — ускрыкнуў Браніслаў.— У нас з беларусамі ніколі не было канфліктаў!
— Так? — разгубіўся я.
— Пан упэўнены? — кінуў Шыманскі з двухметровай вышыні.
— Сядайце, панове!— замітусілася Дануся, адчуўшы няладнае.— Сюды можна і сюды...
— Паненка вельмі клапатлівая.— Шыманскі апусціўся на лаву, ляпнуў далонню па афарбаваных у зялёны колер планках.— I на самай справе, сядайце, калегі!
— Ты не злуеш? — шапнула мне Дануся.—Янку, глядзі, у мяне тут левыя і правыя — нібы ў салоне Марылі Верашчакі ў Туганавічах: філарэты і філаматы...
Аднак не ўсе былі такія стрыманыя, як украінец. Князь закрануў нас за жывое. Хацелася спрачацца, біцца, а чалавек дужэйшы, калі стаіць на нагах.
Тым часам Браніслаў працягваў:
— Я ўпэўнены — у нас тры закаранелыя ворагі: украінец, яўрэй і літовец. З беларусамі ў нас мір.
Чатыры пары нашых вачэй спаткаліся. Першым пайшоў у паступленне Шыманскі:
—А чым, напрыклад, украінцы праштрафіліся?
— Але,— падхапіў Яцкевіч.— Чым ты, хахол, дапёк ім гэтак, што яны цябе лічаць ворагам нумар адзін?
— То пан украінец? — жахнулася Дануся.
— Самы сапраўдны.— Шыманскі зухавата расклаў на спінку лавы мясістыя рукі.
Любецкі не ведаў, што казаць.
У генеральшы выпала кніжка. Дама павярнулася і кінула зводдаль:
— Вы забралі ў пас Кіеў і хочаце яшчэ Львоў!
— Пані Вацлава мае рацыю! — апамятаўся Браніслаў.— Гэтыя землі — кавалак нашай гісторыі!
— Так ужо і вашай!
Дануся стаяла побач. Я адчуў, як і яе ўсю падмывае. Яна не вытрымала, дапамагла мачасе:
— А Збараж? А Вішнявецкі?
— Што ваш Збараж? Што Вішнявецкі?!— выбухнуў Шыманскі. — Кіеў — наша сталіца! А Львоў — пабудаваны нашым князем Данілам у гонар сына Льва!
Я прыстаў да паненкі:
— Цікава, каб хто ў вас забраў Кракаў і хацеў захапіць яшчэ Варшаву, як бы вы да яго аднесліся?
Дануся прыціхла. Генеральша мелася кінуць нешта вострае, але чамусьці не адважылася і аж пачырванела.
— Не ўсім палякам мы ворагі,— аб'явіў Суткус.— Юзэф Шус пават сябраваў з намі!
— Думаеш, яны ведаюць, хто такі — Шус? — заўважыў Шыманскі і разваліўся на лаўцы яшчэ больш задзірліва. Тады ён змераў вачыма князя і паказаў на Суткуса:
— Ён — літовец. Цікава, што яму скажаце?
— Літва ў нас Вільню хоча забраць!
— Вільнюс — наша сталіца! — абурыўся Альбінас.— Вы яго трымаеце сілай, бо нас у дзесяць разоў менш, чым палякаў! Настане час, і мы вернем сталіцу!
— I беларусы маўчаць не так сабе! — падступіў я да князя.— Не было выпадку нам гаварыць. Настане і наш дзень, скажам і мы сваё!
Абодва бакі яшчэ мелі аргументы, але раздуваць спрэчку пры жанчынах было няёмка. I ўсе прыціхлі.
— Панове, давайце гаварыць пра што-небудзь іншае! — папрасіла Дануся.
Весці свецкую гутарку было ўжо немагчыма. Заставалася адно — разысціся. Але нас сюды запрасілі. Сабрацца проста і пайсці — не выпадала. Я нерашуча азірнуўся.
Як і раней, драмаў кот, а Гектар клацаў зубамі на мух. Гэтак-сама пякло сонца. Толькі мы пе былі тыя самыя. Хлопцаў аж разрывала ад узбуджэння.
Надзьмутая, як сава, генеральша паспешліва гартала кніжку і ніяк не магла знайсці патрэбную старонку. Дануся роспачліва зыркала на мяне, шукала ратунку. Гэтыя пытанні з ёю мы ўжо даўно абгаварылі. Было яе шкада. Трэба было падаць прыклад і пачаць развітвацца. Ды ўкраінец справакаваў новы выбух.
— Пагутарылі, называецца. А ўсё з-за гэтага яўрэя,— штурхануў ён Яцкевіча.— Зацягнуў нас сюды...
— То пан яўрэй? — здзівілася зноў Дануся.
— Жыд! — гледзячы ёй у вочы, заявіў Яцкевіч.
— ?!
— I вось стаю побач, не кідаюся на вас. Нават адзін вечар выконваў з вамі небяспечную работу на вуліцы Міцкевіча. Памятае паненка?
Генеральша насцярожылася.
— Але ж я не раблю ніякай розніцы паміж нацыямі!..