— Не «ну», а «ка-хаю»!
Я саромеўся гэтага слова, яно аніяк не праходзіла скрозь горла.
— Сама сказала за мяне.
— Ай! Хачу пачуць ад цябе! Кажы, хутчэй, чакаю!
— Ну, на табе. Кахаю...
— О! «Ка-хаю»! —перадражніла паненка.— Не так, а з пачуццём!
— Ведаю цябе, гэтаму і канца не будзе! Марш спаць!
— Ш-ш-ш! — закрыла яна мне вусны.
На панадворку з'явілася Антося з талеркай аб'едкаў. Служанка наблізілася да сеткі, за якой лазілі куры маёй прачкі, і паклікала:
— Ціп-ціп-ціп!..
З усіх канцоў панадворка кінуліся куры.
— Бяжыце прэндзэй, куркі, прэндзэй!.. Згаладаліся? Наце, даражэнькія, паснедайце!..— Антося пачала крышыць булку і кідаць праз сетку.
Куры дружна застукалі па вытаптаным і вільготным ад расы панадворку.
— Во, во, курачкі, будзіце зямельку, будзіце,— прыгаварвала над імі цётка.— Тук-тук-тук, зямелька, уставай прэндзэй, хопіць табе спаць! Тук-тук-тук!..
Жанчына паводзіла сябе так, бытта, акрамя гэтых курэй і яе, на вуліцы нікога не было. Мы пераглянуліся і шчасліва ўсміхнуліся.
Калі Антося пайшла дадому, паненка папрасіла:
— А цяпер вазьмі мяне на рукі і пакалышы!
Я выканаў яе просьбу. Дануся ціха ўздыхнула:
— Як мне добра!.. Кажы за мной: сонца, не свяці ў пакой маёй прыгажуні, каб шум тваіх промняў не разбудзіў яе!.. Ну, кажы!.. Кошка, не хадзі па падлозе, каб твае крокі не абудзілі яе! Кажы!.. Кветка, пачакай, не распускай свой бутон, абудзіш маю каханую!.. Паўтарай!..
11
Раней, бывала, ад ранішняй сырасці асіпну, як п'яніца, у галаве — гудзе ад недасыпання, увесь свет ненавісны. Ідуць па мармуровых сходках булачніцы, разносчыкі газет, і ў іх такі самы настрой, ім таксама хочацца спаць. Адзін аднаго мы бачым нібы праз сон або павуцінне, размінаемся, як прывіды, сапучы насамі. Няма настрою нават гаварыць да сяброў, а спытае што ў цябе ў гэты момант нехта, і ты гыркнеш штосьці злое, невыразнае.
А сёння, ідучы з Данусінага садка разносіць малако, упершыню адчуў я прыгажосць ранку. Дыхалася лёгка, думкі былі жывя, а сам я — бадзёры. Эх, з якім задавальненнем на вуліцы Міцкевіча падміргваў я служанкам і шматзначна гаварыў:
— Штосьці ў вашым доме сёння ва ўсе кватэры — пісьмы аднолькавага зместу?!
На жаль, служанкі — забітыя і непісьменныя вясковыя дзеўкі,— акрамя танцаў і салдат, нічога не ведалі. У адказ яны адно дурнавата ўсміхаліся.
Толькі адна, да якой я быў нераўнадушны, мяне зразумела. Калі я падышоў, дзяўчына стаяла ў калідоры на табурэтцы і здымала з цвікоў мае паперкі.
— Сёння свята такое! — адказала яна мне ў тон.
...Пакуль Ісці ў школу, я ўсё ж такі выспаўся, бо пахавання не адбылося. Паліцыянты яшчэ ноччу забралі з морга цела Шуса і вывезлі невядома куды. Каб у гэты дзень студэнты не маглі чаго-небудзь выкінуць супроць улады, Яцкевіча і яшчэ сорак завадатараў заладавалі раніцой у машыны, вывезлі за горад кіламетраў за пяць — дзесяць і выпусцілі ў поле. Пакуль хлопцы прывалакліся ў Вільню, ужо было позна што-небудзь рыхтаваць зноў.
Раздзел чацверты
1
Стаяў гарачы летні дзень. Я чагосьці шукаў на панадворку. За металічнай сеткай, ля клумбы, пад вялізным парасонам генеральша чытала кніжку. Ля яе ног драмалі белы кот і Гектар.
З дома выйшла Дануся, расклала брызентавую табурэтку, пры-масцілася побач з мачахай і пачала гартаць падручнік. Але паглыб-ляцца ў навуку ёй не хацелася. Яна крадком азірнулася, прыжмурыла вочы, зрабіла мне грымасу і паказала язык. Я сеў на ганку, засланіўся ад генералыны рукой і стаў адказваць.
I пачалася ў нас бясслоўная гутарка. Абаім было прыемна, нібы сядзелі побач.
Але гэты дыялог працягваўся нядоўга — з'явіўся Любецкі. Я, злосны, сабраўся дадому, ды ля нашай брамкі ўбачыў сваіх хлопцаў. Да мяне валілі — Яцкевіч, Суткус, Вольга і студэнт Шыманскі. З апошнім мы пазнаёміліся ў той вечар, калі раскідалі лістоўкі. Хоць яго прозвішча і мела польскую канцоўку, аднак гэта быў заядлы ўкраінец.
— А-а, так він вось дэ спратався! Мы — аддувацца, а він — загорае, як на курорце! — пракрычаў украінец.
Я адразу забыўся на суседку. Стаў выносіць табурэткі:
— Сядайце хто дзе!
Хлопцы прывіталіся. Я не мог нацешыцца. Эх, каб бачылі маці, бацька, вясковыя хлопцы, якія ў мяне сябры!..
— Захацелі надта піць,— паясніў Яцкевіч,— а на Зарэчную, у ларок з напіткамі далёка. Ты хваліўся, што ў цябе лячэбная вада. Давай, паі!
Вялізны і рыхлы Шыманскі са светлымі, бытта заспанымі вачыма нагадваў лянівага падлетка.
— Хімікаты з газіроўкай атруцілі нутро! — паскардзіўся раза-прэлы ўкраінец.— От бы хто здагадаўся даць кіслага малака са склепа! Або калодзежнай вады — каб аж зубы ламала і дух займала!
— Пачакайце, збегаю ў яр, прынясу свежай! — кінуўся я на кухню па вядро.— Альбінас, будзь тут за гаспадара! Ну ж і дасталася вам, бедным! I куды яны вас заперлі?
— Пад Эйшышкі!.. Усё з-за таго, што Камінтэрн распусціў партыю![] — заўважыў Яцкевіч.— Была б партыя, мы гуртам панам фокус паказалі б!
— Распусцілі, яшчэ і абвінавацілі нашых хлопцаў у прадажніц-тве! — дадаў Суткус.
— Трэба было і — абвінавацілі! — запярэчыла Вольга.
Ух ты, якая яна!
— Лес сякуць — трэскі ляцяць! — дадала яшчэ студэнтка.
— А каб мы з табой трапілі ў гэтыя трэскі? — падскочыў да дзяўчыны літовец ледзь не з кулакамі.
— I вокам не міргнула б, прыняла б свой лёс! — закрычала яна ў такой запальчывасці, у якой я яшчэ яе і не бачыў.— Я — шрубка, салдат рэвалюцыі і, калі партыя загадае, гатова зараз памерці!
— О рропужэ, але ж яе няма, распусцілі!