— У пашчэнку яго!
— Гукам! Гукам!..
У зале людзі раздзяліліся на два лагеры. Маіх балельшчыкаў-цывільных было больш.
Для гледача раунд праходзіць надзвычай хутка. Але ж — ой як доўга цягнуцца гэтыя тры мінуты для баксёра ў цеснай клетцы рынга! Колькі ён, небарака, перажывае за сто восемдзесят секунд, якім, здаецца, ніколі і канца не будзе!
А колькі за гэты час прамільгне ў яго перад вачыма вобразаў, успамінаў.
Мой праціўнік зноў наблізіўся ўпрытык. Карыстаючыся тым, што суддзі супакойвалі балельшчыкаў, ён цыркнуў мне слінай у вочы. Вузкалобы хацеў мяне асляпіць ці вывесці з раўнавагі, але я не аслеп і на зачэпку не паддаўся.
— Ужо ваду пускаеш! — пакпіў я толькі.
Тады ён прымяніў трук неспадзяваны. Калі мы сышліся трэці раз, Рыжы замахнуўся правым сярпом, знарок абмінуў цэль, а потым, нібы адводзячы назад руку, трэснуў мяне локцем у пераносіцу. Ну, з мяне было дастаткова!
Ва мне абудзілася страшэнная злосць. I я з усяе моцы ўдарыў вайскоўца ў дыяфрагму.
— Ух! — выдыхнуў ён і адступіў, выставіўшы доўгія ручышчы, як упоры, каб трымаць мяне на дыстанцыі. Але я быў дужэйшы і цяпер умеў карыстацца сваёй сілай.
— Гу-у-у!— зараўла аўдыторыя, калі Рыжы першы раз апынуўся на брызенце ў накдаўне.
— У куток!— пагнаў мяне суддзя, бачачы, што я ўжо раз'юшыўся.
Суддзя стаў адлічваць секунды, а я толькі стаяў і не верыў сваім вачам: няўжо гэта ў мяне пад нагамі валяецца ненавісны Рыжы?
Валяўся ён!
— Не падабаюцца мне твае фіялетавыя плямы,— кінуў знізу Левандоўскі.— Нібы ў саракагадовай бабы на вятру!..
— Глупства! — адмахнуўся я рукавіцай.
— Толькі спакойпа! Толькі, прашу цябе, не пары гарачкі, не зазнавайся! — маліў трэнер.
— Ладна, як яно ўжо бу-удзе!..
— Сем, восем... Но, пайшоў, бокс! — загадаў суддзя капралу, калі той быў ужо на нагах.
Але тут прагучаў гонг, і мы пайшлі адпачываць. Аб'явілі пачатак другога раунда, і ў зале закрычалі:
— Куды Рыжы ідзе, глядзіце!
— Гарыла, пашлі каго прынесці падушкі, каб мякчэй было падаць табе!
— Волат, не шкадуй яго, бэнцні ў сківіцу яшчэ раз! Толькі адзіны раз!
— Болек, пся крэў, дзе твая форма?! — патрабавальна раўлі вайскоўцы.
— Морду набіць табе мала!..
Рыжы раззлаваўся, перастаў валодаць сабой і бяздумна палез на мяне, абдаючы хваляй церпкага поту. Ага, гатоў, галубок!..
Да канца другога раунда я адводзіў сваю душу. За кароткі час капрал падаў некалькі разоў. То на пяцёрцы паднімаўся, то на тройцы, то на двойцы, то стаяў нават на каленях — я гульню гэтую знарок цягнуў, каб нацешыцца.
— Дзэн-н! — нечакана прагучаў гонг.
Ладна, у трэцім раундзе цябе даканаю.
— Во, глядзі сюды! — сказаў я Рыжаму і ткнуў нагой у месца, дзе калісьці я першы раз упаў на брызент.— Ляжаш тут зараз як міленькі!
Але са мной пачало адбывацца нешта нядобрае.
Неспадзявана заімгліліся вочы. Спачатку я падумаў, што гэта ад поту, і падаўся ў куток на адпачынак. Ды раптам мяне апанавала дзіўная млявасць, зала з людзьмі загойдалася. На хвіліну здалося, што я лячу ў паветры і мне надзвычай хораша, а нешта салодкае ды цёплае разліваецца па жылах. Потым стала ціха, і я ўжо не чуў, як грымнуўся на памост.
8
Апрытомнеў я ў гардэробе. Нада мной схіліліся людзі.
— Гэта ў яго ад голаду. Аслаб. Нічога страшнага, зараз пройдзе, малады, здаровы! — па-мужчынску скупа гаварыў Левандоўскаму ўрач у белым халаце, трымаючы мяне за пульс.
— Але ж дзіўна! Ён так выдатна правёў два раунды!
— На нервах,— нездаволена буркнуў доктар.— На вайне людзі ў стане нервовага ўзбуджэння без ног нават ходзяць. Нічога тут няма дзіўнага — сіла эмоцый!
— Янэк, ну як! — убачыўшы, што я расплюшчыў вочы, з дакорлівым спачуваннем спытаўся трэнер.
Я вінавата нешта прамычаў ды паспрабаваў узняцца з канапы — але дзе там! Цела было нібы чужое, у галаве памутнела зноў.
— Ляжаць! — сурова загадаў урач, схапіў мяне за плечы ды прыціснуў да канапы.
— Хіба ж у цябе не было чаго есці? — шчыра дзівіўся трэнер.— Твае ж бацькі — гаспадары, маюць зямлю!.. Чаму ты мне не гаварыў ніколі, што галадаеш? Знайшлі б спосаб, каб не галадаў!
Я толькі пакруціў галавой.
— Ну, хопіць ляжаць. Уставай і скончы сустрэчу з капралам!
— Пра гэта не можа быць і гаворкі! — катэгарычна заявіў доктар і напаў на трэнера:— Вы сваіх спартсменаў хоць бы кармілі перад выступленнямі, інакш пазаганяеце ў сухоты. Гэта ўжо не першы выпадак!
— Божа свенты, такую сустрэчу змарнаваць і аддаць пяршын-ства гэтай смярдзючай гарыле! — не ўнімаўся Левандоўскі, у адчаі хапаючыся за галаву.— Пане Ліпец, можа, дасце ўкол, каб ён вытрымаў яшчэ адзін раунд? Адно адзін! На Захадзе допінгі — звычайная рэч!
— Як урач зрабіць гэтага не магу! — катэгарычна адказаў доктар, шукаючы ў мяне пульс.
— То што ж будзе? — спытаўся я ў трэнера шэптам.
— Нічога. Усё прапала. Да наступнага года, мой дарагі, разумееш?
Давялося зразумець.
За сцяной увесь час стаяў страшэнны свіст і грукат. Прыбег пажарнік і закрычаў:
— Пане трэнер, пане доктар, ідзіце хутчэй!
— Што там яшчэ?
— Цывільныя счапіліся з вайсковымі, Рынг разламваюць! Суддзяў б'юць! Ратуйце іх!
— У чым справа?
— Аб'явілі капрала пераможцам, вось яны ўсе і рынуліся на памост! Вяроўкі паразрывалі, прэнты выкручваюць! Капрала прыціс-нулі ў праходзе, здзерлі майку і піўной бутэлькай галаву расквасілі!
Доктар схапіўся ды паляцеў у залу.
— Нічога,— вяла праказаў Левандоўскі.— Паліцыя сама навядзе парадак, там жа ёсць іх група... Янэк, ты плачаш?