Данута - Страница 25


К оглавлению

25

— Цікава, ніхто з вучоных не здагадаўся праверыць на практыцы такую простую рэч?!.— Стараўся я ўявіць сабе твары людзей, калі яны даведаюцца пра маё адкрыццё.

— Вялікія адкрыцці заўсёды простыя! — паддаваў мне жару стары, праціраючы сваё старамоднае і вышчарбленае пенснэ.

Яшчэ Луцэвічу я зрабіў касцяны нож. Потым паехалі мы з ім у лес, там я выбраў сасну і пачаў яе сячы самаробным тапаром. Не раю нікому рабіць гэтага. То была дзятлава работа. З мяне выцекла сем патоў, пакуль я зваліў дрэва, а кожнай сваёй клетачкай адчуў, што азначае цывілізацыя.

Вынікі працы нас радавалі. Аднак Луцэвіч не мог надрукаваць артыкул у бліжайшы час, і са сваёй работы мы пакуль што карысці не мелі. Парадокс! Такое глупства, як развод артысткі Лясоцкай з адвакатам Руцелем надрукавала кожная з трынаццаці віленскіх газет — польскія і беларускія, яўрэйскія і літоўскія, руская і нямецкая, але ніводная не выказала цікавасці да Луцэвічавай інфармацыі.

Ну і парадкі на свеце гэтым!

Нацешыўшыся навізной факта, праз два тыдні я пакінуў музей і зноў пачаў шукаць работу, а пазіраючы на карабок цэментавага будынка за драцяной сеткай, усё нечага чакаў, чакаў і чакаў.

7

Блукаючы так па вуліцах, у сярэдзіне лістапада я ўбачыў аб'яву: «Віленская спартыўная школа запісвае ў секцыі футбола, тэніса, бокса...»

Далей ішоў яшчэ доўгі пералік розных відаў спорту, але мае вочы спыніліся па заманлівым і мужным слове «бокс».

А чаму б мне не стаць баксёрам?!

Я напружыў мускулы і адчуў у сабе вялікую сілу. Здаецца, каб развёў рукі і крутануў імі навокал, прахожыя ляцелі б ад мяне, як яблыкі, збітыя з галін. Нездарма Луцэвіч, вітаючыся, загадзя прысядаў і сыкаў, баючыся, што раздушу яму пальцы.

Аб'ява вісела на высокім і глухім плоце з тоўстых дошак. Я азірнуўся, ці няма каго блізка, тады садануў кулаком у сцяну — раз! другі! трэці!.. Дашчаная сцяна захісталася, за ёю трывожна загуль-дыкалі індыкі, а з даху ўспырхнулі галубы.

Сапраўды, як мне не прыходзіла ў галаву: я ж прыроджаны баксёр! Няма нічога больш простага, як прафесія баксёра!

Праз хвіліну я ўжо бачыў сябе героем рынга, якога ведае ўся Вільня. За пару мінут пакладзі праціўніка на брызент — і генералава дачка загаворыць з табой інакш! Усім вядома, як дзяўчаты любяць спартсменаў! Толькі такім шляхам можна да яе дабрацца!..

Я і сам не заўважыў, як апынуўся ў спартыўнай школе, і ў мяне ўжо мералі аб'ём лёгкіх.

— О Езус коханы, пане Левандоўскі, глядзіце, аж сем літраў! — з непадробленым здзіўленнем закрычала лабарантка да трэнера, паказ-ваючы на шкалу спірометра.— Такога ў нас яшчэ і не было!

Я вінавата аддаў паненцы шланг, праз які дзьмуў паветра.

— Нічога сабе!— ледзь стрымліваючы захапленне, прамовіў трэ-нер. Ён употай і прагна абмацаў вачыма мае ногі, грудзі, рукі і шыю.

— А ты сур'ёзна вырашыў стаць баксёрам?

За абыякавасцю ў голасе трэнера я адчуў ноткі сімпатыі, добразычлівасці і лікавання.

— Сур'ёзна...

— А ведаеш, што бокс — перш за ўсё цяжкая праца на трэніроўках?

— Да яе мне не прывыкаць!

— Гм,—падумаў ён хвіліну.— Веру. Тады прыходзь займацца!

— Калі?

— Сёння вечарам зможаш?

— Змагу!

I ў той самы вечар адбылося маё хрышчэнне. Яго варта апісаць падрабязна.

8

Тапачак і майкі я не меў. Выйсці на рынг давялося ў адных трусах і шкарпэтках.

— Болек, прымі новенькага! — паклікаў трэнер нейкага рыжага дзецюка ў баксёрскай форме.

Той толькі дурнавата ўсміхнуўся.

— Хутчэй, Барташэвіч, надзявай!— падаў мне трэнер пальчат-кі.— Пабачым, што ў цябе атрымаецца. Галоўны наш дэвіз — не трусіць!

Я паслухмяна пачаў нацягваць нязграбныя скураныя гамоліны. Хацеў іх зубамі зашнураваць, але ад таго, што на мяне глядзелі, я забыў, што маю рабіць.

— Правільна, навошта завязваць? I так атрымаеш! — крыкнуў нехта.

— Ледзь панясеш! Чаго яны так?

Я разгубіўся да рэшты. Жадаючы дагадзіць публіцы, зноў узяўся зубамі за шнуркі, але зараз жа пакінуў.

Уздоўж канатаў выстраіліся хлопцы, якія чакалі трэніроўкі. Змоўніцкія позіркі, незвычайныя пальчаткі ды выстаўленае напаказ маё голае цела зусім збівалі мяне з панталыку. Чаго яны на мяне глядзяць гэтак? Я ж ім нічога дрэннага не зрабіў!.. Нібы я тут — галоўны герой здзекліва-ганебнай камедыі, якая вось-вось пачнецца.

Усё гэта рассейвала маю ўвагу, і я слаба разгледзеў праціўніка, хоць і бачыў, што менавіта да мяне ідзе рыжая істота: нехлямяжая, з вузкім ілбом і вогненна-жоўтым вожыкам.

— Бокс! — чамусьці крыкнуў трэнер.

Здаецца, я не ступіў яшчэ і кроку, а ў маёй галаве ўжо памутне-ла, наплылі кругі, сцены і столь захісталіся, а нейкая магутная сіла абрынулася на мяне, і я апамятаўся на брызенце. Моцна балела сківіца. Толькі цяпер дайшло — гэта мне так садануў вузкалобы.

— Дык я яшчэ не...— вырвалася з мяне скарга, калі я, здзіўлены, уставаў з брызенту.

— Го, чулі?

— Ён «яшчэ не»! — перадражнілі навакольныя і зарагаталі.

У затуманенай галаве пачало расці крыўднае ўсведамленне, што я гэтым зубаскалам дастаўляю вялікую радасць. Але чаму? Што я ім дрэннага зрабіў?!.

Уражаны сваім адкрыццём, я аж азірнуўся. Сур'ёзны трэнер нібы не бачыў майго позірку, ён бязлітасна закрычаў:

— Ну, чаго пасталі? Пайшлі, бокс!

Вузкалобы вырас перада мной зноў. Я інстынктыўна засланіў кулакамі пабітае месца на твары, механічна прыпадняў локці, і баксёр садануў мне пад грудзі. Ад падзення на гэты раз уратавалі толькі канаты.

Пакуль я, ашаломлены, вісеў на вяроўках, вузкалобы са смакаваннем біў мяне і біў куды адно хацеў.

25