Пайшоў я з крамы ні з чым.
— А што, мусіць, у генерала электрычнасць не псуецца?— асця-рожна павёў я гутарку з манцёрам, які ў нашым доме папраўляў праводку.
— Усюды яна псуецца. I ў простых людзей, і ў генералаў... Во, нават учора ў архірэя сапсавалася! — буркнуў неахвотна той.— Пазванілі з кансісторыі — мусіў ісці...
Я стаў яму прыслужваць. Спытаўся аб прафесіі, пра жонку, дзяцей... Сам не спадзяваўся, што магу быць такім падхалімам!
Потым я напусціў на сябе абыякавасць, прыкінуўся прастачком і асцярожна пацікавіўся:
— Мабыць, калі заходзіш да генерала, от там усяго цікавага! А генерал сустракае цябе ў дзвярах строгі, надзьмуты, як Пілсудскі, з крыжамі на грудзях...
Стаіўшы дыханне, стаў чакаць адказу.
Манцёр перастаў прыбіваць ізалятары, апусціў руку з малатком. Чалавек, не спяшаючыся, памахаў ёто, каб адышла, выняў з рота цвікі, уздыхнуў і прызнаўся:
— А я ні разу яго не бачыў!
— Не ба-ачылі?
— Чаго дзівішся? Нашага брата сустракаюць там слугі або ад'ютант, бо мы заходзім з парадных дзвярэй. Усіх, хто заходзіць з парадных, сустракаюць слугі...
Бытта ведаючы, чаго мне трэба, чалавек параіў:
— Каб пабачыць самога генерала або генеральшу, трэба зайсці да іх з чорнага ходу, ад кухні. Там хутчэй іх спаткаеш...
Манцёр хацеў сказаць яшчэ нешта, але раздумаў, махнуў рукой, маўляў — ну іх да д'ябла, няма часу! Узяў цвікі ў рот, загадаў вачыма мацней трымаць мне лесвіцу і зноў пачаў прыбіваць да сцяны ізалятары.
Я быў бязмежна ўдзячны гэтаму чалавеку за інфармацыю.
Пры маёй пасадзе пасыльнага ліцэя і вячэрніх курсаў знайсці прычыну, каб заглянуць да каго дадому, было вельмі проста. Дастат-кова прыкінуцца, што маеш выпісаны на гэты дом пакет або пісьмо. А пакуль усё высветліцца і табе будуць даводзіць памылку, ты добра разгледзіш усё, што захочаш.
А яшчэ можна пастукаць у дзверы, калі адчыняць, зайсці і спытацца, ці не жыве там чалавек з выдуманым табой прозвішчам. Галоўнае — прыдумай добры варыянт, як па нотах разыграй задуманае, і ніхто нічога не западозрыць.
Але мне было тады якраз столькі год, калі жаданні і мары крочаць не ў нагу з розумам, а ён часта не мае ўплыву на свавольную і дзёрзкую смеласць. Я выбраў варыянт найгоршы.
Каб хоць крыху паварушыў мазгамі, мог бы адразу прадбачыць, што з гэтага атрымаецца. Для мяне ўсё жыццё канчалася на моманце, як я заходзіў у Данусін дом.
4
З сэрцам у пятках падышоў я да генеральскай брамкі — з жалезных прэнтаў і з меднай клямкай. Узяўся за ручку. Брамка падалася нечакана лёгка і ціха. Я замёр і завагаўся. Але адступаць не стаў. Не чуючы ног, сам не свой, падаўся наперад.
Выкладзеная з бетонных плітак сцежка вяла да парадных дзвярэй — вялікіх і масіўных, як у касцёле. Я сышоў са сцежкі і накіраваўся да чорнага ходу.
Ужо даходзіў да гранітных прыступак з жалезнымі парэнчамі, як аднекуль з'явіўся здаравенны сабака, і я з жахам убачыў каля сябе ашчэраныя зубы і наярошаны хрыбет.
— Гыр-р-р! — зарычаў ён паціху, нервова падрыгваючы губамі, бытта казаў: «Ага, галубок, папаўся? Мне цябе адно і трэба!..»
Ад нечаканасці і страху ў фантастычным скоку пераляцеў я прыступкі, ударыў плячом у дзверы і апынуўся на генеральскай кухні.
Там над тазам з вадой стаяла Дануся.
Яна была амаль голая — адно ў чорнай спадніцы. Я незнарок уткнуўся позіркам у невялікія белыя грудзі з цёмнымі саскамі, якія смешна тырчалі ўверх.
— О-ей! — віскнула Данута, ні то здзівіўшыся, ні то спалохаў-шыся, і далонямі прыкрыла свой сорам.
Ачмурэлы, я стаяў і ва ўсе вочы ўзіраўся на паненку. Убачыў нават сінія жылкі ля ключыцы.
Гм, гэта тая самая гераіня, пра якую захлёбваліся газеты? Генералава дачка, да якой я так імкнуўся і ледзь не звярнуў сабе галавы, выглядаючы?
— На, дзіцятка, апраніся! — Знаёмая мне служанка падала ёй вопратку.
— Я ад сабакі ўцякаў...— пачуў я свой жаласлівы голас.
Па тварах жанчын я ўбачыў — яны і самі здагадваюцца, чаму я так уляцеў, як угарэлы, і за гэта не злуюцца, а спяшаюцца прывесці сябе ў парадак для сустрэчы госця, гэта значыць, мяне.
Дануся адвярнулася, выставіўшы мне смуглую гнуткую спіну ды завязаны на патыліцы вузел бліскучых ад вады валасоў, спрытна захіпулася ў халат. Паненка ведала, якая яна прыгожая, любавалася сабой і дазваляла гэта рабіць другім.
— Тут жывуць Янкоўскія?— нарэшце выдавіў я з сябе і спалохаўся.
— Тут,— разглядала яна ўжо мяне з дзіцячай цікавасцю.
— Хто там, цётка Антося?— данёсся з глыбіні пакояў строгі голас.
— Не ведаю, пані Вацлава. Нейкі чалавек!— паслухмяна адказала Антося, пагасіўшы мацярынскую ўсмешку, з якой глядзела на нас.
Два месяцы жывём побач, прыходзіла да прачкі нанімаць скідваць гнёзды, я ўжо збіраўся з ёю вітацца на вуліцы, а гаворыць пра мяне, нібы першы раз убачыла!
— Супакойся, мамуся! Гэта наш пасыльны з ліцэя! — пракрычала Данута.
I ў стракатым кімано з японскага шоўку яна бытта пахвалілася: вось якая я багіня! Ведаю, ты зайшоў па справе, але няўжо не палюбуешся?!.
— У чым справа?— з'явілася ў дзвярах насцярожаная генеральша.
Сумленне маё было нячыстае. Пад яе дапытлівым позіркам я адчуў, што раблюся меншым і меншым.
— Вам пісьмо з ліцэя,— пачырванеў я: хлусіць быў не мастак.
— Мне-е? — здзівілася дама і падазрона глянула на дачку.
Паненка спакойна вытрымала позірк.
Пакуль генеральша адкрывала канверт, я разглядаў кухню, выкладзеныя белай пліткай сцены, каструлі рознага калібру, посуд, нейкія спружынкі на кіёчках, бляшаныя выкрутасы — усё бліскучае і выстаўленае нібы на паказ.