На бярвеннях — два сілуэты: мужчынскі і жаночы. Адзіная жанчына ў групе — радыстка — на мінулым тыдні загінула ў баі. Я насцярожыўся: няўжо Данута?!
— Ваня, ты? — аклікнуў мяне голас лейтэнанта Трашкова.
— Я, Пятро. Прывітанне...—- Голас мой уздрыгануў, а ногі адмовіліся ісці.
Я адчуў, што твар яго звернуты да мяне.
— Сляпуха твой дзе?
— Паехаў яшчэ ўдзень па Мішу!
— А... I капітана вашага няма? — Іхні камандзір мне быў не патрэбен, але нічога лепшага я не прыдумаў.
— Пакуль няма!.. Садзіся на лаўку, пачакай! Я сеў.
Трашкоў адразу ж забыўся пра мяне і загаварыў з дзяўчынай. Я ператварыўся ў слых. Голас лейтэнанта быў надтрэснуты і сіплаваты, але не ад перапою, а проста — ад расы, прастуды і недасыпання. Малады голас яго суседкі звінеў меладычна, міла, але быў незнаёмы, а ў слове «няхай» дзяўчына вымаўляла «я» глыбока, гэтак можа сказаць толькі беларус з-пад Мінска.
На сэрцы адлягло.
На самай справе, чаму не дачакацца Сокалава і не спытацца ў капітана проста і адкрыта?
Я рассеўся на лаўцы надоўга.
Гм, няйнакш іхні чалавек з Вільні. Зусім магчыма, што яна ведае і Дануту. Магчыма, яны сябруюць?.. Не надта стане яна ўдавацца з табой у падрабязнасці сваёй біяграфіі — разведчыца.
Сокалаўцы лічылі мяне сваім чалавекам, таму Пеця гаварыў у поўны голас. Па абрыўках фраз і тону я зразумеў, што абое чакаюць важнай весткі, а яе ўсё няма.
— А вы, Пятро Змітравіч, навучылі мяне так як трэба? — пыталася дзяўчына.
— Падумай жа сама. Пад галаву класці міну нельга, выбухам толькі падкіне падушку — і ўсё. Ты так не клала?
— Не!
— У ложак пад траверс пакласці — сяннік уратуе!
— А я пад пярыну яму сунула...
— Правільна! А перад гэтым дэтанатар засадзіла ў міну?
— Засадзіла. Яшчэ не ўлазіў, то шчоткай пастукала...
— От гэта дарэмна! Дзякуй богу, што не ўзарвалася ў руках. Няважна, калі да канца не ўлазіў. Усё роўна здэтаніраваў бы!.. Такім чынам, дэтанатар шчоткай загнала і дзірачкі сышліся?
— Што-о?
— Калі загнала, дзірачкі ў дэтанатары і міне сышліся?
— Ой, дайце атруты!
Сілуэт дзяўчыны захістаўся ў бакі ад роспачы.
— Марусь!
— Вы мне пра дзірачкі нічога не гаварылі, ой!
— Маруся, пачакай!
— Ой, атруты мне!.. Забіце мяне, задушыце!..
— Дай слова сказаць!
— Столькі падрыхтоўкі, столькі ахвяр з-за гэтага праклятага ляйтэра, і ўсё прапала з-за дурных дзірачак! Ой, не выжыву!
— Дурніца, пачакай, не лямантуй! Пры чым тут дзіркі? Міна ўсё роўна здэтаніруе, абы толькі...
— Ма-аманька-а!
— ...Абы толькі ўзрывальнік прыткнуўся да толу!
— I слухаць не хачу нічога! Вы мне пра іх не ўспаміналі. Ніякіх там дзірачак не было! I пра іх я нічога не ведала! Я ж вам гаварыла, да гэтай справы не па-ды-хо-джу! Ой, я такая дурная, навошта я зга-дзілася!
— Ну супакойся. Вось табе другі ўзрывальнік. На, і ўзвядзі таксама.
— Я на яго і глядзець не хачу!
— Яшчэ. Яшчэ цягні, не бойся. Так. Цяпер мы пакладзём яго пад сасну. Праз паўгадзіны — пабачыш сама, узарвецца!
3
Охкаючы і трымаючыся за галаву, дзяўчына паплялася ў зямлянку. Пятро падышоў да мяне. У дэсантнікаў хлопцы як на падбор, а Трашкоў — ростам з мяне. Ён хвіліну прагна курыў. Вочы яго нічога не бачылі. Тады ціхім, падабрэлым ад узрушэння, віна-ватым голасам праказаў:
— Адважная дзяўчына! Самому чорту галаву зверне!
— Што ў вас з ёй?
— Служыла ў немцаў афіцыянткай, папрасіла заданне, мы і далі. Учора заклала аднаму тыпу міну ў ложак. Не было як зматацца, дык на кухні цяпнула цесаком сябе па пальцы і выбегла на двор нібы да доктара. Адтуль -- да нас, у лес. Ехала на нямецкіх спадарожных машынах... Але штосьці вестак няма: узарвалася ці не? Міна англійская, чорт яе ведае, мо... Вось і чакаем звестак цэлыя суткі. Сокалаў пайшоў да суседзяў, каб спытацца па рацыі ў Масквы, магчыма там што вядома. Дрэнна без свайго радыста...
— На якую халеру вы займаецеся гэтым? Ну, лупанеце, выляціць у паветра яшчэ адзін генерал — і што? Гітлер заменіць яго новым! А колькі потым немцы нявінных за яго пастраляюць?.. Так добра наладзілася сувязь з горадам, а пасля выбуху ўсё паляціць дагары нагамі, тады пачынай усё спачатку...
— Эх, Барташэвіч, камандзір разведкі брыгады!
— Бо нам, разведчыкам, з-за вас потым найбольш дастаецца!
— Затое калі лупанём такога ляйтэра, кожны салдат падумае: э-ге, швах нашы справы, калі да такіх дабіраюцца! I будзе зямля ў іх гарэць пад нагамі! Ведаеш, як гэта Маральна на армію дзейнічае, як разлагае яе?!
Гэтаксама тлумачыў сваім хлопцам і я. Але сам спрачаўся з Трашковым таму, што няёмка было сядзець у дэсантнікаў проста так.
— Добра! Што яшчэ ў вас новага?
— Ат, не шанцуе! То радыстка напаролася на паліцаяў, то Варонін на чыгунцы трапіў пад абстрэл... Ліха яго ведае, што за бяда на нас навалілася!..— засмучана прамовіў Трашкоў і ўспомніў:— Чуў? Мы, нарэшце, наладзілі адносіны з Арміяй Краёвай!
— О-го, гэта штосьці новае! — насцярожыўся я.
— Тр-р-р, халера, воўчая шкура, стой, кажу! — перабіў нас голас Сляпухі.
Дзядзька з фурманкай пад'ехаў да будана. Хоць цёмна, але я смутна распазнаў на возе на фоне саломы дзве нерухомыя чалавечыя нагі. Вось па якога Мішку ездзіў дзядзька Сляпуха!..
Трашкоў адразу забыўся на мяне і падаўся да воза. Было чуваць, як ён шоргае брызентам, адхіляе палотнішча, як кажа ездавому:
— Пакінем, Волесь, яго на ноч на двары?
— Ну! — з-за каня кінуў дзядзька.
— Яму тут будзе лепш на паветры!..— апраўдваўся лейтэнант.— Заўтра ўдзень Вароніна пахаваем...