Данута - Страница 83


К оглавлению

83

У крытычных выпадках чалавек часта думае не словамі, а вобразамі. Ох, і шмат чаго можна ўспомніць у такую мінуту!

Хутка авалодаўшы сабой, я паглядзеў на гэтых людзей як на чужых. Асталася толькі крыўда за няшчасных, расстраляных на Парубанку, за жанчыну з дзецьмі ў незнаёмай вёсцы, за хлопцаў, якім з-за генералавай дачкі не дапамог вярнуцца ў лагер... Стася, даведаўшыся, што іду ў Вільню, прымусіла мяне ўзяць і яе пісталет. А Зіна Кварцёнак... Мне так захацелася да сваіх, як часамі малому ў чужой хаце раптам захочацца дадому. Трэба выблытвацца з гісторыі.

Нарэшце зрабілі ласку мяне заўважыць. Наступіла цішыня, на кухні пачуўся стук вядра.

— Я-анэк, ты-ы?— шэптам спыталася Данута пасля разгубле-нага здзіўлення.

Яна выпусціла з рук карты і прыўзнялася. У вачах Данусі з'явілася светлая, трывожная і няўпэўненая радасць. Але не гэта мяне кранула. Штосьці назаўсёды адышло ад яе, і мне стала тужліва шкада.

— А, гэр Барташэвіч! — здзівіўся і Станеўскі.

У яго голасе таксама пачулася трывога.

Ведаеш, што я ў партызанах? Калі не, мне лёгка цябе разыграць, нібы я на службе ў немцаў: мой бацька меў зямлі больш за твайго, фашысты з такімі цырымоніліся... Здагадваешся — справіцца з табой здолею заўсёды, твой пісталет яшчэ зашпілены ў кабуры, а я трымаю палец на спускавым кручку...

— Янэк, але ж заходзь, прашу!

Данута авалодала сабой і памкнулася насустрач, але ці з-за Станеўскага, ці таму, што правай рукі я не вымаў з кішэні і быў злы, яна разгублена спынілася на паўдарозе.

— Сядай, прашу, сюды...— прыставіла няўпэўнена крэсла.—- Ты змерз?.. Можа, распранешся? Здымі шынель...

Я моўчкі сеў.

Дануся не ведала, што рабіць. Я не вымавіў ні слова, не выявіў ахвоты вітацца, быў насцярожаны і баяўся, каб мяне хто не цапнуў ззаду. Яна пра нешта здагадвалася і гублялася зусім.

— Вось мы і спаткаліся... А я так чак...

Я сеў так, каб можна было адразу ўзняцца.

— Го, але ж ты цяпер лейтэнант!.. Віншую! — У яе голасе і вачах з'яўляліся то бязмерная радасць, то бездапаможнасць і страх. Яна крадком зыркнула на Станеўскага. — Цябе пусцілі ў адпачынак? Надоўга? На якім фронце служыш?

«Ага, ведаеш, што афіцэры прыязджаюць з розных франтоў! З якой ты лёгкасцю мірышся, быццам я — у нямецкай арміі!..» Стала чагосьці шкада, і адначасова зрабілася лёгка, быццам раптам пазбыўся клопатаў і вырашыў пытанне, якое мучыла і даўно не давала спакою. Штосьці падобнае я перажыў чатыры гады таму назад, а цяпер яно паўтарылася зноў. Няўжо я ўвесь час займаўся самаашуканствам?

У пакоі ўжо не было колішняга лоску і пазалоты, якая мяне, дурня, калісьці вабіла. Генеральскія прадметы былі ўжо шэрыя, павыціраныя і непрыемныя.

— Якія вы ўжываеце? Гэта «Экстра». Калі ласка, закурыце! — працягнуў мне Станеўскі сярэбраны партсігар і пстрыкнуў запальнічкай.

Нічога не здагадваецца. У яго на твары з'явілася ўпэўненая ўсмешка. Ці не Сцяпанаў наган у тваёй кабуры?.. Не, там пісталет. Была ўжо магчымасць замяніць яго на парабелум. Ты ж цяпер «фольксдойч», амаль што немец, валадар...

— Дзякуй...— узяў я левай рукой папяросу і меркаваў, што рабіць далей.

— Прыма сорт, не? — зусім супакоены, з франтоўскай элегантнасцю скрыпнуў ён новенькімі рамянямі і зацягнуўся.

Мы размаўлялі па-польску. «Не» паліцай вымаўляў на нямецкі лад, як «нэ».

У некаторых людзей ёсць пэўная мяжа, далей якой, нягледзячы на вопыт і перажытае, яны не могуць узняцца. Не перайшоў гэтай мяжы і Станеўскі. Такі самы, як чатыры гады таму назад. Адно змяніў гаспадароў. Такіх не пераканаеш, іх можна толькі паканаць.

— Калі ласка, вось папяльнічка. I наогул, маглі б папрасіць дазволу на курэнне ў дамы, рыцары! — заўважыла Данута, кепска прыкрываючы трывогу какецтвам.

У яе голасе і выражэнні твару адчуваўся жаль аб мінулым.

Я — ад роду купаны ў гарачай вадзе — і быў вельмі хуткі на рашэнне. Мне здалося, што ў Дануты інтымныя адносіны з паліцаем. На тумбачцы каля люстэрка стаялі фатаграфіі. На ёй твары Дануты і Генрыха аж расплываліся ад шчасця. Рэўнасць паслужліва выдала здагадку за праўду, я сядзеў і аж закіпаў ад злосці.

— Салдаты фюрэра не маюць звычкі прасіць дазволу нават у прыгожых жанчын,— адказаў Станеўскі Дануце і звярнуўся да мяне: — Я ў сваёй вёсцы не быў з ліпеня сорак першага... А вы былі ў сваёй?

Толькі цяпер ён заўважыў, што мы з Данусяй гаворым аб адным, а думаем пра другое. Ён, відаць, пра ўсё здагадаўся і пачаў бялець. Каўкнуў перасохлым горлам, а на лбе выступілі бліскучыя кропелькі. Трэба было канчаць.

Жадаючы штосьці папярэдзіць, не даць нам апамятацца, Данута часта загаварыла:

— Ну, Янэк, расказвай нам, дзе ты цяпер? Чаго маўчыш!.. Ох, які ты ладны ў мундзіры!.. Ты прыродны вайсковы! Праўда, Генусь, яму вельмі да твару мундзір! Нават Генку так не ідзе яго адзенне, праўда, праўда...

Бачачы, што я ўстаю сам не свой і вымаю пісталет, яна кінулася да мяне:

— Янэчку, супакойся!

Я за руку адцягнуў яе ўбок, каб не перашкаджала: яе чамусьці аставіў на пасля. Вокны былі зачынены. на аканіцы, я адступіў да дзвярэй: паліцай трапіў у пастку, выняць з кабуры парабелум не меў калі.

Але Станеўскі не разгубіўся. Ён знізу штурхануў столік і з сілай кінуў яго на мяне. Я адбіў столік каленам, стрэліў, але не трапіў.

— Барташэвіч, што ты! — узмаліўся ён з жахам і скочыў за вазон, перакуліўшы кадку ў мой бок.

Я лічыўся добрым стралком. Але тут прыйшлося левай рукой трымаць Дануту, якая тулілася да мяне і збівала прыцэл. З аднаго, з другога пісталета выпускаў я кулю за куляй — і ўсё дарэмна: толькі пырскалі кавалачкі адшчапанага паркету, тынку і каціліся па падлозе пустыя гільзы.

83