А яна мудрая!
Я пацікавіўся пра знаёмых. Левандоўскага і нават ксяндза, айца Валентага з інтэрната езуітаў на Зарэчнай, немцы расстралялі як заложнікаў.
— А жыла ля вас там яўрэйская сям'я. Яшчэ ў іх была Бэта, насіла пісьмы Данусі...
— З Залкіндаў нікога няма ў жывых. Бэта, беднае дзіцятка, расквітнела не ў час прыгажуняй. Летась у гета камандаваў нейкі фашыст Візэ. Не дай бог, што за чалавек! Чаго ён толькі не вытвараў з людзьмі!.. У яўрэяў ёсць звычай: калі сустрэнеш нябожчыка, якога нясуць на могілкі, мусіш яго правесці. Бывае, нясуць каго і сустрэнуць Візэ. Паганец загадвае ўсім узяцца за рукі, скакаць вакол нябожчыка і спяваць «Ідл міт а фідл»[] Сам стаіць, падганяе, а яны пяюць і скачуць. Хто адказваецца або не можа, забівае на месцы!
Гэты Візэ і прыкмеціў Залкіндаву дачку. Ён загадаў прывесці дзяўчыну да сябе. Усе багатыя яўрэі мелі атруту. Але сабраліся старыя і давай, бедную, пераконваць:
«Бэцы, калісьці наша Эстэра стала палюбоўніцай Казіміра Вялікага, то мы і праз чатырыста гадоў памятаем і дзякуем ёй за дабро, што кароль зрабіў!»
«Бэцы, мы ўсе ў тваіх руках! Не дай нам загінуць, ахвяруй сябе для нас!.. Выратуй нас, Бэцы!..»
Яна паплакала, паплакала і згадзілася. Не змагла адгаварыць яе і Данута. Бедная, тры месяцы пражыла з фашыстам, але нічога ад яго так і не дабілася.
Аднойчы Візэ наладзіў баль. Сабраліся афіцэры з жандармерыі, гестапаўцы, перакладчык-белагвардзеец... Жандары жылі з гестапаўцамі што каты з сабакамі. Падпілі і давай адны адных пад'юджваць:
«Ага, ты намі камандуеш, прапаведуеш чысціню расы, а сам з жыдоўкай жывеш!» «Купілі цябе яны!»
Бачыць Візэ, што бяруць над ім верх, паклікаў ён Бэту і загадаў раздзявацца. Тады разматаў шнур і закамандаваў прывязаць яе да крэсла. Перакладчык прывязаў голую Бэту і адцягнуў крэсла пад сцяну. Павымалі яны пісталеты і пачалі страляць. Хто ў левае вока цэліць, хто ў правае, хто ў грудзі, калена...
За дзвярамі ў той час стаялі на варце два яўрэі з «Орднунг-дынст» Калі, бедную, пастралялі на рэшата, Візэ паклікаў вартавых і загадаў завалачы яе разам з крэслам за баракі ў яр!.. Так і загубілі.
Назаўтра мы з Данутай выкупілі яе цела за гарэлку ў паліцая, абмылі як маглі і пахавалі ў гарах.
Цётка ўздыхнула і рагамі хусткі выцерла слёзы.
Раптам нясмела пастукалі ў акно, я скочыў за камоду.
З сенцаў на кухшо Антося ўвяла яўрэйскага хлопчыка, наліла яму ў банку стравы.
— Каб вашы дзеці і ўнукі, дарагая пані, ніколі не ведалі, што такое голад! — падзякаваў хлопчык на адным дыханні, як гавораць малітву.
Вывеўшы госця, жанчына вярнулася са слязьмі на вачах:
— Тут каменні заплачуць, гледзячы на гэта, не толькі чалавек!
5
Я паступова так разнежыўся, што не хацелася пакідаць цёплую хату. Ні хуткая сустрэча з Данутай, ні пачуццё абавязку мяне ўжо не краналі. Што я адзін значу ў гэтым моры падзей?!.
Я мусіў напружыць усю сілу волі, каб сабрацца ў дарогу.
Пачало цямнець. Я засунуў пісталеты ў кішэню, паклаў туды ж запасныя магазіны, развітаўся з цёткай і пакрочыў у адпрасаваным і вычышчаным адзенні на ўмоўленыя кватэры.
Дзесьці ў лясах мерзлі партызаны. На франтах лілася кроў. З голаду, холаду і ад хвароб гінулі тысячы людзей у нямецкіх турмах. Як прысмак грызлі сырую бульбу і варылі суп з рамянёў нашы ваеннапа-лонныя за калючымі дратамі канцлагераў. У смяртэльнай трывозе чакалі свайго канца даведзеныя да вар'яцтва дзесяткі тысяч яўрэяў гета. Недзе не зляжалася яшчэ зямля, не прамерзла на свежай магіле ў Парубанку. А тут, на віленскай вуліцы, спакойна цякло сабе мірнае жыццё.
Усюды гарэлі электрычныя лямпачкі. Здаецца, нават гарэла цяпер іх больш, чым да вайны, на вуліцах відна — як днём.
Працокаў кованымі капытамі конь вазніцы, правёз у даваенным фаэтоне пышную немку ў футры.
Пранёсся нямецкі матацыкліст з акулярамі на ўвесь лоб, ён нагадаў стварэнне не з гэтага свету — драпежнае, злое.
Праехала грузавая машына з крытым верхам і эмблемай бубновага туза на кабіне. Звычайна ў немцаў ваенныя машыны мелі на кабінах галовы зубраў, аленяў, куніц, зайцаў. Такі знак бачыў я ўпершыню. Ці ўпершыню?.. З Данусяй глядзелі амерыканскі фільм, дзе паказвалі разгром мечаносцаў пад Грунвальдам. Тады рыцары фон Ульбрыхта мелі такія ж знакі на сваіх шчытах...
Нібы з зялёнымі тэрмасамі, з прымацаванымі да боку проціва-газамі прайшоў узвод салдат. Разгадаваныя і здаволеныя фашысты ў дапасаваных шынялях і начышчаных да бляску ботах маршыравалі зладжана, раўненне трымалі лёгка. Ад іх павеяла чужой і ненавіснай сілай.
Я адчуў у сабе насцярожаную ўзбуджанасць і трывогу — стан, калі ў табе напружана кожная клетка і нерв. Каб не выдаў мяне бязладны крок партызана — прымусіў сябе ногі ставіць цвёрда і ўпэўнена.
Прайшла група літоўскіх «нацыянальных» войск, прывіталася са мной.
— Вялікая перамога фюрэра! — раптам пракрычаў па-польску хлопчык гадоў адзінаццаці, прабягаючы ля мяне з сумкай газет.— Купляйце «Пройсішэ нахрыхтэн»! Нямецкія войскі планава пакінулі Вялікія Лукі! Новая перамога фюрэра!
Малы рассмяшыў мяне і падбадзёрыў. Я намерыўся купіць газету, ды спахапіўся: я ж не павінен разумець польскай мовы!..
На скразняку стаяла чарга. Сцюдзёны вецер сек жанчын дробным снегам. Апошняй у чарзе была дзяўчына гадоў трынаццаці. Яна наставіла тонкі каўнерык кароценькага асенняга паліто, мяшок звіла муфтай, засадзіла туды рукі і падскаквала то на адной, то на другой назе.
Жанчыны нечага спрачаліся ўсё на той жа помесі польска-беларуска-рускай моваў. Убачылі мяне і раптам сціхлі.