Паступова немцы перастралялі маладых мужчын, а тысячы старых, жанчын і дзяцей загналі за мураваныя сцены ў старажытныя кварталы горада.
Віленская юдэнрада[] складалася з прадстаўнікоў набожнай буржуазіі. Замест таго каб выводзіць людзей у лясы да партызанаў, яны прапаведавалі пасіўнасць.
Адна частка рады даводзіда: чым больш даваць гітлераўцам падарункаў, тым большая магчымасць перажыць вайну. I цяклі ад іх фашыстам каштоўнасці. Нават у выглядзе імянных свастык, зробленых выдатнымі майстрамі ювелірнай справы з чыстага золата.
Штурмбанфюрэры, оберротэнфюрэры і розныя ляйтары ахвотна бралі гэтыя каштоўнасці, прыязна ўсміхаліся і ў той жа час рыхтавалі эшалоны з пустымі вагонамі. Фашысты наносілі нават візіты членам юдэнрады, дзякавалі за дапамогу, а потым бралі і вывозілі іх на расстрэл, толькі не ў Трэблінку, разам з усімі, а за горад, у Панары.
Другая частка самаўрада была бедная і дарыць не мела чаго. Каб суцешыць людзей, гэтыя члены аднавілі запылены біблейскі лозунг. «Што ж,— гаварылі яны,— калі нам выпаў такі лёс, давайце замкнёмся духоўна, пакарымся, загінем як адзін, ляжам немцам на сумленне — нас жа яшчэ чакае загробнае жыццё!.. А тых, хто паддаўся немцам і дапамагае расстрэльваць сваіх, праклянём!..»
I пры ўпамінанні якога-небудзь здрадніка юдэнрада ўвяла звычай плявацца і дабаўляць: «Няхай імя яго будзе праклятае навекі!»
А рабіны ўнушалі пастве, што Гітлера паслаў бог для выпра-бавання яўрэяў, таму трэба цярпець, не гневаць Іяговы супраціўленнем і скаргамі.
Вось што адбывалася ў віленскім гета ў пачатку 194З года.
Трэба было папярэдзіць людзей. I нашае камандаванне вырашыла дапамагчы ім уцякаць у лес.
Ва ўсіх штабах абменьваліся разведданымі пра горад: удакладнялі адрасы сувязных, адзначалі на картах небяспечныя месцы. У атрадах рыхтавалі хлопцаў для паходу ў Вільню. Такое заданне выпала і мне.
Некалькі дзён я патраціў на падрыхтоўку: завучваў напамяць адрасы, знаёміўся з дакументамі са штаба злучэння: яны датычылі нямецкага гарнізона. З гэтых дакументаў я і даведаўся, што Данута Янкоўская цяпер там працуе ў камендатуры перакладчыцай.
У палове лютага я адправіўся ў дарогу.
...Яшчэ летам неяк выпаўзлі мы на аўтастраду Беласток — Ваўкавыск ставіць міны. Зірнуў я тады на асфальт і сваім вачам не паверыў. Цвёрды як граніт панцыр аўтастрады, што не паддаваўся і лому, прабіў звычайны баравічок: беленькі, далікатны... Дзяўбці асфальт, дзе ён прабіўся, было б лягчэй, але мы яго пашкадавалі і тол заклалі ў іншае месца.
Цяпер, нагадваючы паход у Вільню, успамінаю той грыб: яшчэ невядома, каму з нас было цяжэй.
Горад фашысты прызналі літоўскім, але, каб адных людзей нацкаваць на другіх, адміністратыўную ўладу аддалі былым злодзеям, шпікам і правакатарам з палякаў. Гэтыя падонкі выслугоўваліся перад акупантамі, і ашукаць іх было цяжэй, бо яны ведалі ўсе хады і выхады.
Выйшаў я з групай, якую штаб паслаў пад Новую Вілейку. Ішлі мы толькі ноччу, варылі сабе ежу, жартавалі, смяяліся; удзень зашываліся ў гушчар і заміралі.
2
На пятыя суткі пераднявалі мы ў лесе і завідна ўвайшлі ў незнаёмую вёску. Тут група мелася збочыць на ўсход да Новай Вілейкі, а я — на поўнач.
Трэба было распытаць дарогу. У незнаёмым месцы найлепш размаўляць з селянінам без сведкаў. Я аддзяліўся і падаўся да аблюбаванай хаты.
Пад сцяной капаўся ў снезе стары, з-за пояса ў яго тырчала сякера.
— Дзень добры, бацька! Што робіце?
— Дзень добры... Хаваю топаль ад марозу. Сабака, няма на яго сканання, выграб зноў!
— Топаль?
— Але. Яшчэ перад калядамі ездзіў у лес па дровы, то вырваў з мохам пару штук. Прывёз, кінуў у снег, падумаў: вясной пасаджу, а хто будзе жыць — дачакаецца дрэва. Дык сабака...
Яго агрубелыя рукі былі без рукавіц. На скуры паміж указальным і вялікім пальцам правай рукі была вялікая трэшчына, счэпленая суровай ніткай. Вусы дзеда парыжэлі ад цыгарак. Вайна, бяда, а ён яшчэ дрэвы садзіць збіраецца!..
Ад яго выгляду, мілай і роднай гаворкі павеяла такім мірным жыццём...
— А гэта добрае дрэва? — уздыхнуў я, мяркуючы, з якога боку прыступіцца да чалавека.
— О-го, топаль, — цвярдзей за дуб! «Адкуль цвярдзей — не з той пароды!» Дзядзьку бачыў я наскрозь. Стары мяне непрыкметна разглядаў, слухаў, відаць, уяўляючы, як будзе апавядаць суседзям пра дзіўнага асілка з аўтаматам: партызана не партызана, паліцая не паліцая, бандыта не бандыта.
Мы хвіліну памаўчалі. З такой пароды вясковыя людзі ніколі не пакажуцца табе адразу. Трэба было неяк асвоіць яго з сабой. Але як гэта зрабіць за некалькі хвілін?
— Фабрычная? — выцягнуў я ў старога сякеру і паспрабаваў вастрыё.
— Кавальская!.. Фабрычную нават у рукі не вазьму. Гэта — агонь, а не сякера!
Цярплівасць мая скончылася. I я адкрыта спытаўся пра дарогу да вёскі, ад якой недалёка Вільня.
— Вёрст трыццаць з гакам,— паказаў дзядзька рукой.— Туды, на Сыраежкі, Гліняны...
Даведаўся...
Вярста ў кожнай вёсцы розная, а «гак» — паняцце шырокае. Ад старога больш, відаць, нічога не вывуджу. Дзе па дарозе стаяць немцы, наўрад ці скажа. Прызнацца, што я партызан, не паверыць. Паліцаі пераапранаюцца пад нас, правакуюць людзей, а потым на месцы іх і расстрэльваюць. Ды невядома — «чырвоны» ты, дзеду, ці «белы»...
Я развітаўся з ім і пайшоў да хаты, ля якой на плоце круціўся ветрачок.
Бедна жылі ў той хаце. Гнілая падлога. Нізкая столь. Паўзмрок. Сырасць. Холад. У куце на саломе — цяля з засохлым кончыкам пупавіны. Ля печы насцярожаная кабеціна.