— Таварыш Трухан, чаму мяне не пабудзілі на пост, калі падышла змена!
— Стасенька, родная, далібог, забыўся! — захлынаючыся ад шчасця, што ўдалося ашукаць дзяўчыну, па партызанскай звычцы хлопец ужо называў яе на «ты».
— Заўтра дзяжуру і за сябе і за вас!
— Вядома, аддзяжурыш! Назаўтра паўтаралася тое ж самае.
Аднаго дня Стася яшчэ спала. А хлопцы ад холаду ўсхапіліся са снегу і стараліся сагрэцца: штурхаліся, тупалі, скакалі... Раптам Трухан закрычаў:
— Глядзіце, што я ў кустах знайшоў! Партызаны абступілі яго, разглядаючы скураную рукавічку.
— Чыя, ніхто не прызнаецца!
Добра ведалі, чыя рэч, і хлопцы, але не спяшаліся адказваць. Нібы гэта была не звычайная рукавіца з труса, толькі да смешнага малая, пашытая поўсцю ўсярэдзіну, а - сонца, якое ўсіх абагрэла.
— Гляджу, штосьці ляжыць. Падымаю, ажно...— Шчаслівы Трухан трымаў рукавічку так асцярожна, быццам яна была з павуціння.
Кожны хацеў бы патрымаць яе таксама. А Трухан, бадзяга, на зайздрасць усім, яшчэ ўсадзіў свае брудныя і струпастыя пальцы ў шаўкавістую воўну:
— А цё-оплая, кхэ!
— Ну, ты! — закрычалі на яго адразу.— Гэта Стасіна!
— Стасіна?
— Не ведаеш!.. Пакладзі ў будан!
Хлопцы адразу неяк падабрэлі, парабіліся ціхія, паслухмяныя. Яшчэ доўга я заўважаў, як стараліся яны пабыць адзін на адзін з сабой, як свяціліся іхнія вочы.
У групе былі бывалыя сэрцаеды, і кожны з іх меў яшчэ свайго балельшчыка. I як балельшчыкі ні стараліся падгледзець які-небудзь поспех свайго аўтарытэту, Стася была з усімі аднолькава ветлівая. А гэта вельмі інтрыгавала.
Яшчэ інакш радыстка ставілася да мяне. Яна ўмудралася гадзі-намі быць са мной і маўчаць, гледзячы на мяне нібы на пустое месца.
Стася была прыгожая, перад ёй так і хацелася парысавацца, паказаць сябе з найлепшага боку. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка і мяне заінтрыгавала. Толькі я быў у горшых умовах.
Гордасць не дазваляла набівацца са сваімі паслугамі, бо гэта выглядала б так, нібы выкарыстоўваю службовае становішча. I пасля сцэны на аэрадроме было брыдка. А прасіць прабачэння не прывучылі мяне змалку. I са Стасяй я не гаварыў. Толькі зайздросціў сябрам, што могуць адкрыта ёй зрабіць паслугу, і крадком пазіраў, як радыстка з жаночай нязграбнасцю ў ватных штанах месіць снег. Моўчкі ішоў я следам і лаяў сябе за нетактоўнасць.
Так мы і брылі чатыры дні.
4
Падыходзілі мы да крыніц. Праклятыя, іх нават не адзначылі на картах-кіламетроўках, а ў прыродзе яны існавалі.
Крыніцы гэтыя перасякалі балота ў некалькіх мясцінах. Іх зімой не скоўваў лёд. У вялікі мароз з іх толькі валіла пара, і народнае павер'е сцвярджала, што там зімуюць лебедзі.
У наш лагер вялі тры дарогі. Адна — каля стаянкі атрада Арміі Краёвай[], яна адпадала зусім. Заставалася другая, далёкая, або трэцяя — праз гэтыя балоты.
Калі б крыніцы замерзлі, у лагер мы прыйшлі б на суткі раней. Так апрыкраў холад, што мы згадзіліся б ісці і скрозь агонь, абы хутчэй дабрацца да цёплых зямлянак. Чамусьці апошнія метры здаюцца найцяжэйшымі.
Я адправіў на балота разведчыкаў, а групу павёў на знаёмы хутар. Праз нейкі час мы апынуліся ў хаце.
I тут мае хлопцы рысаваліся перад Стасяй. Удыхнуўшы цёплага паветра, партызаны напоўнілі памяшканне маладымі бадзёрымі галасамі: глядзі, якія мы тут свае, як мы хутка дамаўляемся.
— Цётачка, нам бы крыху вады, а то есці ахвота і пераначаваць няма дзе!..
— Ах, божа, то што ж я вам дам, саколікі мае!..
— Кіслая капуста е?
— То е-е-е...
— А хлеб?
— Чаму ж і яму не быць!
— Нясіце місу, толькі поўную!
— I кола хлеба самае большае!
— Сала кавалачак...
I пачаліся бразганне, смачнае хрумстанне і жарты, пасля якіх ад рогату аж уздрыгваў кволы агеньчык лямпы.
Добра наеўшыся мёрзлага сала з квашанай капустай, апаражніўшы цётцы ўсе збаны з кіслым і салодкім малаком, хлопцы як сядзелі, так і пазасыналі. Толькі ў куце капашыліся яшчэ двое.
— А братка ты мой, ну і брудная ж у мяне кашуля! — паскардзіўся адзін партызан.
— Глядзі толькі, каб сумленне было чыстае! — параіў другі.
— Будзь спакойны за маё сумленне!
У гаворку ўмяшаўся дзед — гаспадар хаты. Ён расказаў, як у 1863 годзе адзін польскі паўстанец уцякаў ад царскіх войск і залез у дупло. Там казакі яго і застрэлілі.
— ...Я быў яшчэ хлопцам,— правіў стары. — Спілавалі мы з бацькам дуб, а ў дупле — заржавелая стрэльба, чалавечыя косці, гузікі, спражка. Селі мы і думаем: што з гэтым рабіць? Закапалі ля трубы, на капец крыж паставілі...
Радыстка перад печчу пераабувала валёнак і строга па інструкцыі трымала аўтамат між каленяў. Цяпер можна было добра прыгледзецца да дзяўчыны: яна глыбока задумалася, не слухала ні хлопцаў, ні дзеда, не адчувала і майго позірку.
У яе і Данусі я знайшоў штосьці агульнае: аднолькавую манеру гаварыць намёкамі і трымаць сябе незалежна, з годнасцю... Стася нават прычоску і вопратку пры нашых умовах умела захаваць у такім парадку, на які, мабыць, здольны адно полькі.
Даўно я чакаў моманту для размовы. У мароз яшчэ не паспею прачнуцца, а падумаю, што з намі — Стася, устаю і з вечара да раніцы асцярожна і цярпліва вартую. Нарэшце хвіліна надышла... Трэба развеяць дзяўчыну.
Стася скончыла пераабувацца, устрасянула галавой, рассыпала цёмна-русыя кудзеркі і прыгаршчай правяла па валасах ад ілба да патыліцы з аднаго боку галавы, потым з другога — дакладна як некалі рабіла гэта Дануся над Віліяй. Яе аўтамат быў надта запацелы.
— Вытрыце яго, бо адразу заржавее! — падаў я анучку.— Праўда, праўда, заржавее! — I спахапіўся, што выражэнне «праўда-праўда» — Данусіна.