— Знайшоў час на амуры!.. А ручаешся за яе?
— Вядома...— разгубіўся я да рэшты.
I тут я ўлавіў дакорлівы позірк Вольгі. Яна стаяла збоку і прыслу-хоўвалася. Мяне разабрала злосць. А ў чым я вінаваты? Сама апавядала мне турэмную гісторыю!..
Спалоханая Дануся спаткала мяне пытаннем:
— О-ей, Янку, я за цябе так баюся! За такія штучкі не трапіш у турму?
Трывожна-насцярожаны настрой студэнтаў перадаўся ўжо і мне, пытанне паненкі раззлавала да рэшты. Я схапіў Данусю за руку, пацягнуў:
— Хадзем!
О зменлівы жыццёвы шлях чалавека! Ці мог я спадзявацца паўгода назад, што тая самая генеральская дачка, з-за якой я аблі-ваўся потам на рынгу і дзёўб каменні ў музеі, стане для мяне цяжарам?!
— Ну, баксёр, не забывай, мы — у тваіх руках! — аб'явіў Яцкевіч, калі я падышоў зноў.— На твае кулакі і на тваю гармату ўся наша надзея!
Я нічога не адказаў: мой настрой сапсаваўся. Баючыся спаткац-ца вачыма з Суткусам, я пабег наперад, подла пакінуўшы Данусю. На шчасце, яе адразу падхапіла Вольга.
9
З парку мы накіраваліся ўверх па галоўнай магістралі — вуліцы Міцкевіча. Некалькі чалавек з Суткусам на чале падаліся ў бок Віліі, дзе жылі сем'і афіцэраў. Я пасмялеў ды пачаў шукаць вачыма Данусю. Паненка з Вольгай, абняўшыся, крочылі дружна і пра нешта гутарылі. «Аб чым яны гавораць?» — зацікавіла мяне.
Памалу група меншала. Парэшце засталіся толькі паненкі, за імі я і Яцкевіч. Мы трымалі пад пахамі пакецікі. Была гадзіна ночы. На залітай яркім святлом вуліцы — ні душы.
— Тут,—шапнуў студэнт, пераводзячы дых, калі мы дайшлі да сквера, і сыкнуў на дзяўчат, каб спыніліся.— Высыпай ты свае, каб рукі былі свабодныя, а на Лукішскім пляцы я выкіну свае!
— Ты ачмурэў? — абурыўся я, адгадаўшы задуму студэнта.
Такія «гороі» і ў нашай вёсцы выкідвалі лістоўкі проста на вуліцу і лічылі, што заданне выканана. А раніцай лістоўкі ўбачыць які-небудзь здраднік, заявіць у паліцыю, і яны, нікім не прачытаныя, павандруюць у печ. А тут іх знойдуць яшчэ хутчэй, бо кожную хвіліну снуюць паліцыянты.
— Глядзі за вуліцай! — загадаў цяпер я і накіраваўся ў пад'езд з цясанага граніту.
Сюды я насіў малако.
У гэтым раёне жыло адно панства. Са здавальненнем пачаў я запіхваць лістоўкі ў паштовыя скрынкі, пад дзверы, у выстаўленыя для булачнікаў кошыкі, вешаў на цвікі...
— Гэтак мы будзем да самай раніцы тут калупацца...— цяжка дыхаючы, нездаволена сустрэў мяне Яцкевіч: яму было сорамна перад паненкамі.
— Ну і будзем, калі трэба, а ты думаў — ляп-цяп? — абрэзаў я студэнціка.
Толькі цяпер кінуліся ў вочы яго запалыя шчокі, якія бываюць звычайна ў мужчын каля трыццаці год, ды пад студэнцкай кепкай — адтапыраныя вялізныя вушы. I ростам ён нібы паменшаў: што за мужчына, мне па плячо?!. У такога яшчэ шукаў падтрымкі... Шляхцюк гарадскі, прайшоўся пару кіламетраў і ўжо задыхаўся.
— Годзе стаяць, давай далей! — пагнаў я Яцкевіча, беручы ініцыятыву ў свае рукі.
Калі на Лукішскім пляцы канчалі мы сваю справу, дзяўчаты пачалі чыхаць — сігналіць трывогу. Набліжаліся два паліцыянты і шпік у цывільным.
— Панна Янкоўская, і вы тут? Так позна?— пачуў я знаёмы голас.
— Не, мы так...— запнулася Дануся.
— Можа, вас правесці дадому?
— Дзякуй, зайду з паннай Оляй... Вы не знаёмыя?
— Не меў гонару!
— Знаёмцеся. Мая калежанка!
— Вельмі прыемна. Генрых. Я маю гонар пазнаёміцца са сту-дэнткай, праўда?
— I я шчасліва — пазнаёмілася з такім ладным панам. I на самай справе, правядзіце нас! Далібог, цікава з такім сімпатычным спадарожнікам прайсціся ў такую цудоўную ноч! — загаварвала зубы Вольга.
— Правядзіце, правядзіце нас, пане Генэк! — спахапілася ўжо і Дануся.
— Прабачце, прапанаваў, а не падумаў, што не маю часу.— Цяпер я пазнаў: гаварыў Станеўскі. Толькі голас у яго быў дзелавы, упэўнены, узбуджаны.— У горадзе трывога. Заварушыліся камуністы. Ловім іх. Мы і вас палічылі за чырвоных!
— А як жа, адгадаў пан! Мы чырвоныя, нібы радыска: разрэж, а ўсярэдзіне — белая! — жартавала бойка Вольга.
— Го-го-го-го, але ж брава!
— Вы не ведаеце тых тыпаў? — перабіў іх сур'ёзны голас палі-цыянта, якому ўжо не цярпелася прыступаць да выканання службо-вых абавязкаў.
— Не! — катэгарычна заявіла Вольга.
— Тых двух?!. Нашы бурсакі з гімназіі Касцюшкі,— падхапіла Дануся.— Няўжо пан Генрых такі службіст: не правядзе нас, калі нават я загадаю?
— Панна Данута на гэты раз павінна прабачыць, я не адзін...
Пакуль адбываўся гэты дыялог, мы стараліся адысці як мага далей.
«Ах ты, гадзіна! — падумаў я пра Станеўскага. Што ён працуе ў дэфензіве[] было для мяне громам з яснага неба.— Дык вось чаму ты так пазбягаў мяне! — прамільгнулі ў памяці ўсе неасцярожныя словы, якія я пры ім сказаў.— Вось чаму ты апранаешся, як кароль, маеш на халву і шакалад, звяртаешся да ўсіх з развязнай фамільярнасцю!.. А я, дурань, яшчэ збіраўся пагаварыць з табой як са сваім хлопцам, каб не блытаўся з эндэкамі!.. Дзе была мая галава?.. Тады дзіўна, навошта ты куніў Сцяпанаў наган? Няўжо табе, халую, дэфензіва не давярае казённы?»
Наша спешка выклікала падазронасць. Патрулі пакінулі паненак і затупалі ў наш бок. Ноччу на пустой вуліцы — нібы зімой на лёдзе — цяжка вызначыць, блізка хто крочыць ці далёка. Часамі здавалася, што яны далёка, то зноў па спіне прабягалі мурашкі вось-вось цап-нуць за каўнер!.. Каб не выдаць сябе канчаткова, азірацца не адважваліся.
Усе брамы былі пазамыканыя, а ззаду паліцыя. Мы несліся з усіх ног!
— Колькі патронаў? — спытаўся студэнт.