Данута - Страница 48


К оглавлению

48

— Калі ласка, на!

Праз хвіліну я назіраў, з якім захапленнем і любоўю паненка церла ў рэчцы маю кашулю, і падтруньваў:

— Умееш, умееш...

— Мне так хочацца зрабіць што-небудзь добрае табе!.. О-ей, каўнерык ужо трэба зашыць!.. Заўтра прынясу іголку і ніткі! — Заклапочаная, яна ўжо развешвала кашулю на куст.

— Го, выдатна! Такой работы я табе падкіну, будзеш яшчэ не рада! — прамармытаў я вяла.

— I праўда, прынось!

Мяне зусім размарыла на сонцы і апанавала дрымота. Я выцяг-нуўся пад кустом і прыкінуўся, што сплю. Дануся падсела побач і заптаптала:

— Паспі, Янэчку, паспі. Ты сёння рана ўстаў, бедны, напрацаваўся, табе трэба адпачыць. Паспі, любы, я цябе павартую...

Хоць я ўжо амаль і не валодаў сваім целам, але ўсё чуў і бачыў. Скрозь прыадчыненыя павекі я назіраў, як яна ўважліва разглядае мой твар, вопратку. Потым асцярожна, каб не разбудзіць, пакратала далонню мой падбародак, шчаку, лоб, нос — чула і ласкава, нібы хацела ўкласці ўсю сябе ў гэты дотык. Да мяне прычапілася муха. Дануся датуль махала рукамі, пакуль муха не паляцела. Тады пачала кранаць мае плечы, затым прыклала шчаку да маёй рукі і замерла.

А то аднаго разу было так: сядзеў я на гары вельмі маркотны. Дануся, убачыўшы ў мяне пісьмо, папрасіла:

— Дазволь...

Я падаў канверт.

З вёскі пісалі, што маці Сцяпана Рамановіча лягла на аперацыю і старой спатрэбіліся сродкі. Нават самая нескладаная аперацыя ў Польшчы тады каштавала столькі, што можна было купіць на гэтыя грошы карову. Каб памагчы жанчыне, мае сябры хадзілі ўжо касіць да памешчыка, але зарабілі яшчэ недастаткова.

Сцяпанаў наган — таксама грошы, і цяпер я не меў права яго трымаць.

— Давядзецца развітацца з ім! — паскардзіўся я.

— Разумею цябе,— з павагай вярнула яна пісьмо і задумалася: — Пачакай, Янку, нешта прыдумала!..

Пад вечар пайшоў я на ўрокі і паведаміў аб сваім клопаце Суткусу. Альбінас узяўся дапамагчы.

I праўда. Не прайшла і гадзіна, як ён прадаў рэвальвер Генрыху Станеўскаму за пятнаццаць злотых. Я не дасядзеў да канца заняткаў: пабег на пошту адсылаць грошы.

Вяртаўся я назад нібы пасля развітання з дарагім чалавекам. Дома ляжала запіска: мяне выклікалі.

На гары чакала Дануся. Са змоўніцкім тварам яна разгарнула газету, падала мнк бліскучы прадмет і шапнула:

— Ад мяне падарунак!

Я ўтаропіўся на тое, што ляжала на маёй далоні, і адчуў, як задрыжалі мае рукі.

— Уй, малайчына, Данка!

— Ты толькі цяпер пра гэта даведаўся?

— Але ж адкуль гэта ў цябе, Дана? — спытаўся я, шчаслівы, аглядаючы рэвальвер.

Яшчэ зусім новенькі. Са свежымі фабрычнымі знакамі на рукаятцы — двума жарэбчыкамі.

— Не бойся, мілы, бяры!— Мая разгубленасць была ёй, відаць, прыемнай.— Гэта толькі адзін з калекцыі таты! Фірмы «Кольт»: па-англійску «кольт» — жарабя. Бяры, бяры, не сумнявайся, я апраўда-юся порад татам, не бойся!.. I цяпер ён не хутка вернецца ў горад...

Але ўдзячнасці ў мяне хапіла ненадоўга.

6

Сядзелі мы на сваёй гары, схаваўшыся за кусты. Нізам па сцежачцы ўвесь час хадзілі людзі, мы за імі назіралі.

Дануся, як усе жывыя натуры, не патрабавала для вучобы спецыяльнай цішыні, умоў. Яна адначасова вучыла, гаварыла са мной, сачыла за тым, што адбывалася навокал. Раптам Дануся закрыла падручнік і паказала мне на паненку на сцежачцы:

— Падабаецца?

Я прыгледзеўся. Паненка як паненка. Толькі з чорнай радзімкай ля носа.

— Цікавае ў ёй адно гэта! — паказаў я сабе на шчаку, незадаволены тым, што перапынілі мае думкі.

— Сядзіць са мной, а душа недзе лунае...

— З кім, па-твойму?

— Са студэнткай!

Убіла сабе ў галаву, столькі разоў ужо дапікала Вольгай, што мяне нарэшце гэта раззлавала:

— Што ты заладзіла — адно і адно! Ідзі да д'ябла са сваёй студэнткай!

— Не буду, Янэчку! — пачала яна лашчыцца.— Толькі не сярдуй. Ты — адзіны чалавек, з якім мне так хораша!

Мне зрабілася яе шкада, я размяк і зноў забыў пра сваю тугу, пра ўсё на свеце.

Назаўтра Дануся з'явілася з кавалачкам аптэкарскага пластыру на шчацэ.

— Вязальнай спіцай укалолася,— паясніла яна.

Лапінка адстала, і я заўважыў кропку, выпечаную ляпісам.

— Не глядзі!— пачырванела яна і прыціснула пальцам пластыр.

Мяне гэта кранула. Зноў зрабілася яе шкада. Агарнула такое жаданне схапіць паненку на рукі і пацалаваць, што гэта нават яна адчула. Хутка закрыла падручнік і насцярожылася. Ад чыстых і спалоханых яе вачэй я сумеўся. Толькі нязграбна ўзяў яе касу і, як у нас на вёсцы хлопцы з-за самалюбства прыкрываюць сваю чуллі-васць грубасцю, праказаў:

— Эк, хвост... Бабскія фокусы...

Дануся пакрыўдзілася, адабрала касу і закінула на плячо.

Наогул я часта заўважаў, што грубыя і часамі дурныя мае вы-хадкі надта яе абражаюць, але дзяўчыну цягнула да мяне нейкая сіла, якой паненка, відаць, не магла даць рады. I Дануся з яшчэ большым імкненнем спяшалася на спатканне ды старалася дагадзіць мне.

Так здарылася і на гэты раз. У паступны дзень яна прыйшла ў хусцінцы і спыталася:

— Нічога не заўважаеш?!. Не?!.

— Абсалютна! — здзівіўся я.— А што?

— Тады пачакай тут, а я зайду на гару першая.

У гэты дзень я наогул мала бачыў з таго, што рабілася навокал. Калі я ўзабраўся на гару, Дануся была ўжо без хусцінкі.

— Ну, а цяпер? — спыталася яна зноў.

Нібы іншай канфігурацыі твар?.. Не, мабыць, мне так здаецца.

— А ў чым справа, вытлумач!..

— Па-твойму, сёння я такая самая, якая была ўчора? Толькі цяпер я спахапіўся, што ў яе не было кос. Валасы Данусі былі падстрыжаны так, як стрыгуцца кітайскія ці карэйскія дзяўчаты.

48