— Глядзі, глядзі! — пазваў сястру маленькі хлопчык, унук прачкі.— Глядзі, дзядзя Ваня!
Я зірнуў туды, куды паказваў малы. Адно кураня ўпарта дзяўбло на падлозе сонечны зайчык, які падаў ад шыбы.
— Во! — прамянеў хлопчык, шчаслівы ад свайго адкрыцця.
Першы раз за восем месяцаў мы з хлопчыкам зразумелі адзін другога і рассмяяліся.
«Яны добрыя дзеці! Завошта я іх так не любіў і праганяў ад сябе?!»
— Пане Барташэвіч, стаўце абед, я пакінула вам месца на пліце,— сказала прачка.
— Потым навару, калі наварыце сабе вы!
— Занадта раскошна будзе! А дровы, думаеце, мне дарма хто выдае?!
Аднак мне было не да ежы.
«Ідзі ты, жмінда, да д'ябла!» — кінуў я на стол пакупкі і пайшоў на двор.
Яшчэ некалькі хвілін таму назад я быў вялы і абыякавы, галаву меў цяжкую — хацелася спаць. Цяпер усё гэта бытта рукой зняло. Я па-сапраўднаму адчуў вясну з усімі яе пахамі, птушыным шчабятан-нем. У вушах па-вясеннему звінелі кураняты. Яны нагадалі мне вёску, сіняватую рунь яравых, а за агародамі — луг, пакрыты ўжо лотаццю такой далікатнай жаўцізны, што дзіва брала, як гэткая прыгажосць можа ўжывацца з бруднай цінай.
Колькі часу я тады вартаваў на сваім панадворку, не адводзіў ад суседзяў вачэй, не памятаю.
Нарэшце за сеткай з'явіўся генерал. Ён цяпер быў у піжаме. Чорныя, пад Пілсудскага, маржовыя вусы яго грозна апускаліся ўніз. Гектар ляніва цёрся аб генералавы ногі. Данусін бацька, не спяшаю-чыся, абышоў клумбу, падняў грудку зямлі і адкінуў убок. Тады пад кранам спаласнуў рукі. Грудка магла сабе ляжаць, дзе ляжала, аднак генерал адкінуў яе, бо прыемна было яму адчуваць пахучую зямлю, халаднаватую ваду — іграць ролю гаспадара, наводзіць парадкі. Ён ствараў уражанне чалавека стомленага, занятага клопатамі, якому, дзякаваць богу, выпала вось хвілінка перадыхнуць. I генералам жывецца нялёгка?!.
— Кубусь! — пазваў ён як чалавек, які прызвычаіўся, што кож-нае яго слова пачуюць тыя, да каго звяртаецца.
— Естэм, пане генерале,— з'явіўся на парозе прыгажун ад'ютант.
— Пошту прынясі!
— Слухам, пане генерале!
Ад'ютант вынес крэсла-раскладушку і рознага фармату канвер-ты. Генерал пакасіўся на галчыны гнёзды, выбраў месца далей ад іх ды сеў на раскладушку. Тады ён разарваў вялізны канверт, разгарнуў, як прасціну, газету і замёр. Ля ног гаспадара прымасціўся Гектар. Па загалоўку я ўбачыў, што газета замежная. Генерал глядзеў у яе заклапочана, насцярожана, трывожна хмурыўся, як хмурыліся тады, гледзячы ў газеты, мой бацька і ўсе старэйшыя людзі.
Я доўга назіраў, а генерал усё чытаў. Дзіва. Я праглытваў ста-ронкі газет з бесклапотнай асалодай, а для генерала чытанне іх — складаны рэбус, цяжкая работа. Часамі ён нешта крэсліў алоўкам на паперы, неспакойна варушыўся, соп, бурчаў, ківаў галавой і час ад часу лаяўся ўслых:
— Ах, пся крэў, хо-ле-ера я-асна!.. То неможлівэ!..
— До пе-ру-уна!..
— А-яй-яй, но, про-ошэ!..
Нарэшце Гектару надакучыла з гаспадаром. Сабака ўстаў і пайшоў за дом. Мне здалося, што там ёсць абавязкова нешта цікавае і для мяне. Я асцярожна пачаў прабірацца ў канец драцяной сеткі.
За ўвітай дзікім вінаградам агароджай пачуліся дзявочыя гала-сы. Я стаў на пянёк і зазірнуў цераз вінаград. Там загаралі Дануся з Бэтай.
Яшчэ ў спартыўнай школе я доўга не мог прызвычаіцца да хлопцаў у майках і трусах. У нас на вёсцы паказаць голае цела можна было адно ля ракі. Нават стары дзед, косячы на балоце, накідаў на сябе зашпіленую на ўсе гузікі кашулю і белыя порткі. А тут у цэнтры горада ў адных купальных касцюмах бессаромна валяліся жыватамі ўніз паненкі, надзеўшы на галовы папяровыя каўпакі і наклеіўшы на насы лісты бэзу. Дануся нешта ўголас чытала, а Бэта слухала. Яшчэ яны бестурботна памахвалі ў паветры ружовымі пяткамі. На мяне гыркнуў Гектар, і я ўцёк.
— Ідзіце, я вам нагатавала супу! — паклікала гаспадыня.
— Дзякуй...
— Унь, я наліла ўжо.
— Ладна. Мне не хочацца яшчэ есці!..
— Ой, што з вамі, Янку, вы не захварэлі часам? Штосьці вы з раніцы сам не свой!..
Але я кабету не надта слухаў. Мне не верылася, што сёння сустракаўся перад брамкай з Данусяй. Але ж гэта быў не міраж!.. Падрабязнасці сустрэчы так і стаялі перада мной. Толькі не прападаць жа страве, і жанчына прывязалася як смала!.. Вельмі неахвотна я накіраваўся дадому.
4
Назаўтра вярнуўся я з работы а дзевятай гадзіне раніцы і пайшоў па ваду. Яе бралі ў глыбокім яры. Там, дзе была студня, горы ўтваралі маляўнічую цясніну, панавалі цішыня і спакой, бытта цясніна была ў глухім полі.
Яшчэ здалёк я ўбачыў, што побач з цэментавым кругам стаіць новенькая эмаліраваная пасудзіна з ручкай: высокая, унізе шырэй-шая, а ўверсе вузенькая, з раструбам. Але я не звярнуў на яе ўвагі. Мала хто мог паставіць. Горад. Навокал тысячы людзей. Паставіў і возьме, калі будзе трэба.
Нічога не падазраючы, падышоў я да студні і пачаў прывязваць да вядра вяроўку.
— Дзень добры! — раптам пачуўся крыху як бы знаёмы голас.
Я аж уздрыгануў ад нечаканасці. На адхоне стаяла Дануся і трымалася за ствол клёна.
Я марыў сустрэцца з ёю ў фае тэатра, у краме, на параходзе, нават на самалёце, калі зраблюся славутасцю. Марыў спаткаць яе ў доме ваяводы пасля таго, як перамагу рыжага капрала. Падрыхтаваў нават словы, з якімі звярнуся да яе. Але спаткацца гэтак?..
— Гэта вы-ы? — вырвалася ў мяне.— Сэрвус...
Я разгубіўся да рэшты, не ведаў, што рабіць і што гаварыць, падрыхтаваныя словы ніяк не падыходзілі. Мяне апанаваў нейкі жах. Хацелася даць драла, але ногі бытта анямелі, нібы прыраслі да зямлі.