Данута - Страница 27


К оглавлению

27

Нас у групе налічвалася чалавек дваццаць. У час трэніроўкі Левандоўскі трымаўся такога правіла: хочаш, каб цябе слухалі, многа не гавары і не крычы. Каманду падаваў скупа, коратка.

— Гетро! — кіне, бывала, толькі адно слова, і мы, як механізмы, пачынаем бегаць.

Практыкаванні стараліся выконваць з усяе сілы, бо ведалі — ніякія фіглі не пройдуць незаўважанымі, а тое, да чаго ён нас змушае, нам неабходнае.

— Давай! Давай! — яшчэ падганялі шэптам адзін аднаго.

— Час! — зноў гучыць каманда, і мы ўжо моўчкі пачынаем лезці на шведскую сценку, на канат ці рабіць што іншае згодна з праграмай, якую ведалі назубок.

Баксёрам трэба нарадзіцца, Левандоўскі гэта добра ведаў і першым чынам шукаў «геніяльныя загатоўкі», як ён выражаўся. Трэніруючы іх, ён выхоўваў у будучых майстроў дысцыпліну, дапамагаў асвоіцца з рынгам — майстроў як бы выцесваў з грунтоўнай асновы. Каб даць нагрузку нашым мускулам, трэнер вывозіў нас за горад. Там прымушаў лазіць па дрэвах, саджаць на плечы таварыша і бегчы з ім па бездарожжы.

— У нас няма месца для тых, у каго думкі ў небе, а ногі — у ложку! — заяўляў сваім: выхаванцам ён на кожным кроку.

I гэта была праўда.

Кулачны спорт, выяўляецца, цяжкі, яго нават нельга параўнаць з якім-небудзь іншым, найбольш напружаная трэніроўка — у баксё-раў. I мы кожны дзень працавалі як мае быць. Вольных ад заняткаў на курсах у мяне было толькі два вечары, калі не лічыць нядзелі, і таму чатыры разы на тыдзень я прыходзіў трэніравацца днём.

З

Баксёрства давалася мне нялёгка. Не хапала спрыту гарадскога юнака. У мяне, напрыклад, ніяк не ладзілася са скакалкай. Я доўга не мог навучыцца гэтай звычайнай дзіцячай гульні. Не было і хуткасці рэакцыі, пачуцця дыстанцыі...

Але я браў іншым.

Нярэдка ў гарадскім парку людзі апладзіруюць і захапляюцца тым, хто аберуч выцісне на манометры дзевяноста кілаграмаў. Часта апладысменты дастаюцца «парніковаму» рэкардсмену, які можа паўтарыць фокус толькі тры разы.

Мне даводзілася карчаваць лес, калоць тоўстыя бярвенні на дровы, спускаць на ваду і сплаўляць сосны, цягаць падоўжную пілу, у гэтых выпадках трэба было напінацца куды мацней, чым аматарам у парку, прычым з раніцы да вечара, кожны дзень.

У мяне была закалка, а гэта не тое самае, што ўмець гладка выпаўніць практыкаванне на турніку ці на брусах. Я быў вынослівы, і гэта цяпер мяне выручала.

На трэніроўцы маё сэрца набірала хутка адпаведны тэмп, і я адчуваў сябе свабодна якраз тады, калі спрытныя гарадскія юнакі ўжо выдыхаліся і выглядалі як мокрыя кураняты.

— Цяжкавата выстаяць на рынгу пятнаццаць раундаў! — скардзіліся такія. I навошта столькі? На практыцы спатрэбіцца ўсяго — пяць-шэсць!

— Калі выжывеш пятнаццаць, то пяць выстаіш на адной назе! — непахісна вёў сваю тактыку Левандоўскі.

«Ага, ужо вам цяжка! А памятаеце, як з мяне смяяліся і здзекаваліся?..»

Праз два месяцы ў мяне ўжо з'явіліся прыкметы паставы, якой вылучаюцца штангісты, лыжнікі ды баксёры. Тыя самыя людзі, што так цешыліся тады, калі Рыжы мяне лупцаваў, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават са страхам і былі шчаслівыя, калі я з імі загавару.

— Ну і пары ў яго кулаках!— казалі яны з захапленнем, укладаючы ў слова «яго» ўсе свае надзеі. (У 19З8 годзе ў Вільні панаваў яшчэ век паравых машын.)

Але, прызнацца, сам я гэты від спорту не любіў. I наогул яшчэ ў вёсцы цярпець не мог боек, скандалаў, а калі бачыў кроў, то мяне прашываў мароз і пранізвала нейкім токам. Маці, бывала, не магла дапрасіцца мяне зарэзаць курыцу.

Я пайшоў у бокс не па прызванню, і захапленне хлопцаў мяне зусім не кранала. А яшчэ я не цярпеў людзей, якія ад варожасці і пагарды хутка пераходзяць да любві: яны могуць стаць ранейшымі, няхай ты толькі спатыкніся.

Левандоўскі «выціскаў» з мяне ўсё магчымае ды часта рабіў гэта бязлітасна. Яго мудрагелістыя практыкаванні я выконваў з дзікай упартасцю, абкружаны закаханымі позіркамі.

У палове студзеня я стаў выходзіць на рынг, і часамі маё сэрца замірала пры думцы, што набліжаецца ракавы дзень. Я прыдумваў спосаб, як на матч зацягнуць Данусю. Трэба кінуць генералу ў паштовую скрынку запрашальны білет. Або пакласці яго ў канверт, надпісаць адрас ліцэя, вывесці прозвішча «Янкоўскай Дануце» і паслаць. Так яшчэ лепш: падумае, што запрашэнне прыйшло ад настаўніка фізкультуры з ліцэя, і будзе на спаборніцтве баксёраў абавязкова.

Глыбокай зімой правялі адборачныя сустрэчы, і мяне дапусцілі змагацца за першынство горада.

4

— А, зямляк! Сэрвус!.. Выгляд у пана нядрэнны. Я ведаю, пан ходзіць у спартыўную школу! — звярнуўся да мяне па-польску Станеўскі ў гарадской бібліятэцы.

Чаго ты такім шцілем загаварыў? Хто цябе прымушае крыўляцца? Я нават азірнуўся — паблізу знаёмых не было.

— А мы таксама займаемся спортам! — пахваліўся ён.

— Та-ак?..— працягнуў я разгублена, не разумеючы, каго ён мае на ўвазе яшчэ.

— Толькі — шпагамі. Ходзім з князем у клуб карпарантаў «Баторыя»!

— А!..

Сустрэліся мы ў бібліятэцы імя Тамаша Зана. Я зайшоў туды, каб даведацца ў энцыклапедыі, што азначае па-латыні слова «Дану-та», бо каталіцкія імёны пераважна ўзятыя з антычнай міфалогіі.

— Што пан чытае? — пацікавіўся Станеўскі.

— От, глупства!..— Я паспешліва закрыў кніжку і пачырванеў.

— Што пішуць пану з дому?

— Усё пра тое самае... Гэта памалацілі, гэта яшчэ не, авёс мышы пасеклі...

— О! дакладна так пішуць і мне!..

Які табе, халера, я пан! Чаго ты выпендрываешся, чаму не можам гаварыць па-простаму!

27